Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Фэдэрацыя прафсаюзаў ня думае адмаўляцца ад удзелу ў сёлетніх выбарах прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні Фэдэрацыі Франц Вітко.

Фэдэрацыя сур’ёзна паставілася да агучанай 12 студзеня пагрозы Міністэрства юстыцыі пра недапушчальнасць ейнага ўдзелу ў сёлетніх выбарах прэзыдэнта краіны. Аднак занепакоенасьць з нагоды магчымай ліквідацыі прафсаюзнага аб’яднаньня на гэтым тыдні зьнікла.

Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё намесьнік старшыні Фэдэрацыі Франц Вітко:

(Вітко: ) "Заяву прэс-цэнтру Мінюста дэталёва разгледзела наша юрыдычная служба. Парушэньняў статута або заканадаўства, якое рэгулюе паводзіны прафсаюзаў, няма — гэта адносна таго, ці будуць прафсаюзы падтрымліваць тую ці іншую кандыдатуру. Іншая рэч, што вылучаць кандыдата ў прэзыдэнты ня мае права".

Зрэшты, паводле словаў Франца Вітко, Фэдэрацыя й да папярэджаньня Мінюсту добра ведала, чым прафсаюзы маюць права займацца, а чым не.

Як падкрэсьліў сп. Вітко, прафсаюзныя лідэры і ня думалі афіцыйна вылучаць кандыдата на прэзыдэнта. Але дзейнае заканадаўства і прафсаюзны статут не забараняюць прафактыву абмяркоўваць сацыяльна-эканамічны курс краіны ды шляхі ягонага зьмяненьня.

Як вынікае са словаў намесьніка старшыні Фэдэрацыі, прафсаюзныя функцыянэры ў працоўны час ня будуць непасрэдна займацца зборам 100 тысяч подпісаў у падтрымку той ці іншай асобы. Але бясспрэчна й тое, што актывісты прафаб’яднання як грамадзяне краіны, відавочна, маюць намер браць удзел у гэтым працэсе.

Нягледзячы на пагрозу Мінюсту, цяперашняя дзейнасьць Фэдэрацыі ўсё больш набывае перадвыбарчы зьмест. Ейныя лідэры штодня актыўна кансультуюцца наконт формаў прафсаюзнага ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі. Гаворыць Франц Вітко:

(Вітко: ) "Па маіх кантактах з кіраўнікамі галіновых прафсаюзаў хачу сказаць, што многае залежыць і ад асабістых якасьцяў таго ці іншага кіраўніка. Таму мы апроч кансультацыяў, што праводзяцца на ўзроўні кіраўнікоў, папрасілі (калі я быў у Гарадзенскай вобласьці), каб людзі, што едуць на прэзыдыюм і прымаюць рашэньні, раіліся з шараговымі членамі прафсаюзаў, з працоўнымі калектывамі".

Але найбольш актыўную дзейнасьць у пытаньні выбараў прэзыдэнта вядзе зараз сам старшыня Фэдэрацыі. Паводле зьвестак ейных прадстаўнікоў, сёньня Ўладзімер Ганчарык сустракаўся з шэрагам лідэраў прафсаюзных арганізацыяў Менску.

Як вядома, Ганчарык стрымана адрэагаваў на ўчорашнія прапановы некаторых палітычных сілаў абвесьціць адзіным кандыдатам ад апазыцыі Сямёна Домаша. Ён лічыць, што гэта асабістая “праблема Домаша”. Ва ўсякім разе, старшыня Фэдэрацыі, як вынікае зь ягоных словаў, адмаўляцца ад удзелу ў прэзыдэнцкім марафоне пакуль не зьбіраецца.

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG