Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Беларусы, якія працуюць за мяжой, часта трапляюць у небясьпечныя сытуацыі. Асабліва тады, калі ўладкоўваюцца на працу праз расейскія фірмы. Прыклад — трагічны лёс Васіля Кузьміча, які праз расейскую кампанію "Сталіс" паехаў працаваць на прамысловае прадпрыемства ў Тайвань.

Васіль Кузьміч працаваў на менскім заводзе "Планар" рэгулявальнікам радыёэлектроннай апаратуры. Як высокакваліфікаванага спэцыяліста яго ня раз запрашалі працаваць у Кітай ды ў іншыя краіны.

Летась у сьнежні Васіль Кузьміч ізноў паехаў на працу за мяжу — гэтым разам на запрашэньне тайваньскага прадпрыемства "Promax Jontan" пры пасярэдніцтве расейскай страхавой кампаніі "Сталіс". Распавядае жонка Васіля Кузьміча Вольга:

(Вольга: ) "Паехаў туды толькі таму, што прыйшлося перажыць амаль адначасова дзьве сьмерці — брата й маці. Вядома, у нас не было такіх грошай, каб зрабіць пахаваньне. Яны фінансавалі адразу палову заробку на пахаваньне, ён бы без такой умовы туды ня ехаў".

З-за парушэньня тэхнікі бясьпекі на прадпрыемстве Васіль Кузьміч выпадкова атруціўся мэтанолам. Яго паклалі ў шпіталь, трымалі там некалькі тыдняў, але ня выратавалі, і Васіль Кузьміч памёр.

Цяпер, каб атрымаць ягоны прах, сям'я павінна заплаціць каля 10 000 даляраў за крэмацыю ды лячэньне, бо, як даведалася Вольга Кузьміч, расейская фірма адмовілася плаціць па страхоўцы.

(Вольга: ) "Калі ён езьдзіў з нашымі беларускімі фірмамі — ніколі аніякіх парушэньняў не было, ні з боку кітайскага, ні зь беларускага. Расейскія кампаніі аніякай дапамогі не аказалі. Яны аказалі маральны ціск на нас. Прымушалі, каб я адмовілася ад лячэньня майго мужа ў Тайвані, калі ён знаходзіўся на штучных апаратах", — распавядае жонка Васіля Кузьміча.

Я датэлефанавалася да расейскай фірмы "Сталіс" ды пацікавілася іхным стаўленьнем да гэтай сытуацыі. Мне адказала галоўная бугальтарка й адначасова жонка прэзыдэнта фірмы Ніна Алісава.

(Алісава: ) "Таварыш паехаў па ўласнай ініцыятыве. Таварыш там сябе павёў пэўным чынам. І адказваць за гэта мусіць ён сам", — лічыць прадстаўніца расейскай фірмы.

Чым скончыцца гэтая трагічная гісторыя, пакуль невядома. У беларускім МЗС цяпер даволі актыўна спрабуюць вырашыць гэтае пытаньне. Сытуацыю тлумачыць дарадца консульскай управы МЗС Аляксандар Слабадчук.

(Слабадчук: ) "Ёсьць пэўныя юрыдычныя нормы. Цяпер у дачыненьні да Васіля Кузьміча ў пэўных аспэктах узьніклі нюансы. І для мяне яшчэ "50 на 50" — здолеем мы перамагчы ў судовым парадку ў страхавой кампаніі, ці ня здолеем.

Бо часткова й яны таксама маюць рацыю. Але гэта беларускі грамадзянін, і мы будзем за яго змагацца. І амбасада Беларусі ў Кітаі, і консульская служба цалкам сканцэнтравалі сваю працу на гэтай экстрэмальнай сытуацыі".

Дарэчы, гэта не адзіны трагічны выпадак з беларусам у замежжы. Цяпер у консульскім адзеле МЗС вырашаюць яшчэ шэсьць інцыдэнтаў такога кшталту. І гэты працэс не заўжды хуткі. Нядаўна, прыкладам, на тое, каб прывезьці прах беларускага грамадзяніна Васілеўскага з Францыі, спатрэбілася каля пяці месяцаў. Таму Аляксандар Слабадчук параіў усім беларусам, якія думаюць працаваць за мяжой, афармляць мэдычную страхоўку толькі празь беларускія кампаніі.

Ганна Соусь, Менск

XS
SM
MD
LG