Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 16 студзеня)
Прадстаўнікі 24 грамадзкіх арганізацыяў Беларусі на сходзе ў Менску вырашылі прапанаваць палітычным партыям разгледзець кандыдатуру Сямёна Домаша як адзінага кандыдата на прэзыдэнта. Сам спадар Домаш лічыць, што гэтае рашэньне не пацягне расколу дэмакратычнай кааліцыі. Сямён Домаш даў інтэрвію нашаму карэспандэнту.

(Домаш: ) "Галоўная мэта сёньняшняга сходу — падтрымаць рашэньне Каардынацыйнае рады "Рэгіянальная Беларусь" аб разглядзе магчымай кандыдатуры на адзінага кандыдата ад аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Арганізацыі, што ўдзельнічалі ў гэтым сходзе, падтрымалі прынятае раней рашэньне "Рэгіянальнай Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Ці азначае рашэньне сёньняшняга сходу, што цяпер вы фактычна адзіны кандыдат на прэзыдэнта ад дэмакратычнай кааліцыі?"

(Домаш: ) "Пакуль што не, але гэта доказ таго, што павялічваецца колькасьць арганізацыяў, якія падтрымліваюць раней прынятае рашэньне".

(Карэспандэнт: ) "Рашэньне аб правядзеньні сходу вы ўзгаднялі з партнэрамі па Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сілаў?"

(Домаш: ) "Практычна мы не ўзгаднялі, таму што гэта ініцыятыва грамадзкіх арганізацыяў, якія вырашылі падтрымаць рашэньне "Рэгіянальнай Беларусі". Тут не патрабавалася ўзгадненьня, бо гэта была ня наша ініцыятыва".

(Карэспандэнт: ) "Вы не баіцёся, што іншыя кандыдаты, спадары Чыгір і Ганчарык, цяпер абвінавацяць вас у невыкананьні дамоўленасьцяў і ў расколе дэмакратычнай кааліцыі?"

(Домаш: ) "Не. Рэч у тым, што мы дамовіліся паміж сабою пра тое, што кожны з нас будзе рабіць усё магчымае, каб стаць больш вядомымі для беларускай грамадзкасьці.

Па-першае, наша дамова пра тое, што мы ў кожным разе будзем дзейнічаць адной камандай, датычыць і таго, на каго ўрэшце дэмакратычныя сілы зробяць стаўку.

Па-другое, улічваючы нашыя абмежаваныя інфармацыйныя магчымасьці, каб прадставіць кожнага з нас грамадзкасьці, мы вырашылі, што кожны з нас будзе выкарыстоўваць тыя магчымасьці, якія нам будуць прапаноўваць.

Выкарыстоўваць усе магымасьці, каб давесьці да грамадзкасьці нашы погляды й рашэньні Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў пра тое, што яна ўзяла на сябе адказнасьць урэшце вызначыцца й прапанаваць адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Так што гэта ўсё адбылося ў межах нашай дамоўленасьці".

(Карэспандэнт: ) "Калі дэмакратычныя сілы назавуць імя адзінага кандыдата на прэзыдэнта?"

(Домаш: ) "Цяжка сказаць. Скажам, я асабіста прыкладаю намаганьні, ды й большасьць суб'ектаў Каардынацыйнае рады, добра ведаю, падтрымліваюць мяне, ў тым, што гэтае рашэньне мусіць быць прынятае як мага хутчэй. Мы ставілі сабе за мэту вызначыцца ў студзені. Праўда, цяпер бачым, што гэтак не атрымаецца.

Думаю, што крайні тэрмін, калі гэта адбудзецца, — у лютым".

(Карэспандэнт:) "Чаму зацягваецца вызначэньне агульнага кандыдата?"

(Домаш: ) "Думаю, што многія грамадзкія аб'яднаньні й палітычныя партыі да канца яшчэ ня вызначыліся , як яны павінны далей рухацца ў гэтым накірунку".

(Карэспандэнт: ) "Ці гатовыя вы, калі будзе гэткая патрэба, зьняць сваю кандыдатуру на карысьць іншага кандыдата?"

(Домаш: ) "Адназначна. Калі будзе кандыдат, на якога будзе зробленая стаўка большасьці суб'ектаў Каардынайцыйнай рады дэмакратычных сілаў, я гатовы працаваць зь ім у адной камандзе і гатовы ў такім выпадку зьняць сваю кандыдатуру.

Для мяне самае галоўнае, каб гэта было рашэньне як мага больш шырокіх колаў: і дэмакратычных сілаў, і, вядома, нашага народу Беларусі. Калі гэтак будзе вызначана, я гатовы ісьці на любыя ўступкі".

(Карэспандэнт: ) "Дзякуй, спадар Домаш".

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG