Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Дырэктара Магілеўскага праваабарончага цэнтру Сяргея Абадоўскага адхіляюць ад абароны ягонага сына, які знаходзіццца пад сьледзтвам і арыштам ужо больш за паўтары гады. Сяргей Абадоўскі паведаміў нашаму карэспандэнту, што накіраваў скрагу пракурору Магілеўскай вобласьці і зараз чакае рашэньня.

Сьледзтва вырашыла адхіліць Сяргея Абадоўскага ад абароны паводле пастановы на дзьвюх высновах: па-першае, абаронца, нібыта, падаваў дадзеныя папярэдняга расьледаваньня ў сродках масавай інфармацыі без дазволу, і па-другое, сьледзтва сьцьвярджае, што Абадоўскі адмовіўся сьведчыць у дадзенай крымінальтнай справе як бацька асобы, якая абвінавачваецца.

Праваабаронца гэтага не прызнае. Паводле ягонай заявы на імя пракурора Магілеўскай вобласьці, інфармацыя ў прэсу трапляла хутчэй ад грамадзкіх абаронцаў Дзьмітрыя Абадоўскага, сярод якіх былі журналісты і якім закон не забараняе друкаваць матэрыялы паводле свайго меркаваньня. Сяргей Абадоўскі таксама настойвае, што ніхто і ніколі яму не прапаноўваў сьведчыць у гэтай крымінальнай справе. Ён лічыць, што ў дадзенным выпадку (цытую) “за выдумкамі сьледзтва праглядаецца жаданьне любымі сродкамі пазбавіцца ад абаронцы, які прынцыпова адстойвае правы і інтарэсы Дзьмітрыя Абадоўскага”. Абаронца патрабуе ад пракуратуры тэрмінова скасаваць пастанову аб сваім адхіленьні і даць магчымасьць бесперашкодна бачыцца са сваім сынам у сьледчым ізалятары.

Гэта ўжо другая за 18 месяцаў спроба папярэдняга сьледзтва адхіліць старэйшага Абадоўскага ад абароны. Першым разам законнасьць пасьля месячнага разбору аднавіла пракуратура. Мэтай цяперашніх захадаў сьледзтва Магілеўскі праваабарончы цэнтар, паводле ягонага прэс-рэлізу, лічыць імкненьне схаваць ад грамадзкасьці беззаконьні, якія не спыняюцца ў адносінах да сына і бацькі Абадоўскіх.

Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

XS
SM
MD
LG