Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Менску зарэгістраваны першы выпадак канібалізму. Затрымалі 6 людажэраў. Першамайская пракуратура вядзе сьледзтва.

11 студзеня ў Вялейскім вадаканале на cкрыжаваньні вуліцаў Філімонава і праспэкту Скарыны былі знойдзеныя фрагмэнты трупа мужчыны.

Галава была загорнутая ў цэляфанавы пакет, а астатнія кавалкі трупа вадалазы зьбіралі амаль тры гадзіны на дне каналу. Міліцыя распачала пошукі злачынцаў, у выніку былі затрыманыя 6 чалавек, якіх падазраюць ў забойстве.

Сярод іх менчукі — дзьве жанчыны, адна зь іх раней працавала кухаркай, тры мужчыны, а таксама нейкі матрос з Расеі. Людажэры прызналіся, што ў навагоднюю ноч забілі мужчыну і прыгатавалі стравы зь ягоных вантробаў на навагодні сьвяточны стол, каб было чым закусіць гарэлку.

Пасьля застольля кампанія вывезла рэшткі забітага з кватэры і выкінула іх у канал. Гарадзкая пракуратура адзначыла, што гэты выпадак канібалізму — першы ў Беларусі. Сьледчы крымінальнага вышуку Юры Бурван паведаміў Радыё Свабодзе:

(Бурван: ) "Я мяркую, што гэта ня першы выпадак. Два гады таму ў Сьвіслачы знайшлі труп жанчыны, таксама без галавы і са зьнятымі мяккімі тканкамі. Ейнай асобы так і ня высьветлілі.

А вось гэты выпадак зарэгістраваны як самы першы такога кшталту. Затрыманыя людзі — на найніжэйшай ступені нашага грамадзтва. Яны алькаголікі. Тут мы бачым поўную дэградацыю асобы.

Яны спакойна зьелі стравы з чалавечыны, бо, натуральна, не было чым закусіць гарэлку. Пракуратура мусіць накіраваць іх на мэдычнае дасьледаваньне ў псыхіятрычны шпіталь для заключэньня судмэдэкспэртаў.

Да суду яшчэ далёка, бо патрэбны час на псыхіятрычную экспэртызу, на біялягічную, дзе будзе праводзіцца праверка на супадзеньне групы крыві ды іншыя. На жаль, выпадак сьведчыць пра тое, што падобная справа будзе не апошняй у нашым грамадзтве. Але пакуль рэальна даведзены адно гэты выпадак", — паведаміў сьледчы Юры Бурван.

Гаворыць адвакат аднаго з затрыманых Сяргей Глотаў:

(Глотаў: ) "Гэта сапраўды першы такі выпадак у маёй практыцы, і, наколькі я ведаю, першы ў Менску. Сытуацыя дзікая. Ідзе папярэдняе расьсьледаваньне. На правядзеньне розных экспэртызаў спатрэбіцца недзе паўгода.

Адзінае, калі гэты выпадак і пацьвердзіцца, дык трэба мець на ўвазе, што гэтыя людзі таксама грамадзяне нашае краіны, і трэба пільнаваць іхныя правы й свабоды згодна з Канстытуцыяй. Задача абароны: сачыць, каб захоўваліся іхныя правы".

Паводле новага Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, адвакаты па гэтай справе павінны абавязкова прысутнічаць на ўсіх допытах. Яны зазначаюць, што гэта нялёгкая справа.

Любоў Лунёва, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG