Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прадстаўнікі пратэстанцкіх канфэсіяў Беларусі пратэстуюць супраць кампаніі іхнай дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ ды парушэньняў правоў вернікаў неправаслаўных веравызнаньняў.

Штуршком да правядзеньня круглага стала па праблемах міжканфэсійных дачыненьняў у Беларусі сталі апошнія антыпратэстанцкія публікацыі ў “Народнай газэце” ды паказ па БТ фільму “Экспансія”. Фільм, на думку вернікаў, зьневажае іхныя пачуцьці.

Прадстаўнікі пратэстанцкіх суполак называюць фільм “Экспансія” непраўдзівым ды сфабрыкаваным паводле ўзораў гебэльсавай прапаганды.

Біскуп Саюзу Хрысьціянаў Веры Эвангельскай Сяргей Цвор параўнаў кампанію ў дзяржаўных СМІ зь перасьледам пяцідзясятнікаў за камуністамі, што ён асабіста перажыў.

Усе намаганьні пратэстантаў давесьці сваю праўду марныя — ніводная дзяржаўная газэта не апублікавала абвяржэньня. Ня выказаў пратэсту й Камітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў.

Гаворыць Сяргей Цвор:

(Цвор: ) "Мы напісалі ліст Аляксандру Лукашэнку, зварот да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі, якая паказала фільм "Экспансія". Мы адзначаем, што вельмі груба парушаюцца правы хрысьціянаў...

Што мы гэткага дрэннага зрабілі краіне, каб нас чарніць у дзяржаўных СМІ? Гэта замова дзяржавы, я не сумняюся.

Улады ствараюць падазронасьць да пратэстантаў... А адказаў на нашыя лісты так і няма", — адзначыў біскуп пяцідзясятніцкай царквы Сяргей Цвор.

Прадстаўнік грамады Хрысьціянаў Поўнага Эвангельля Васіль Юрэвіч паведаміў, што пратэстанты спрабавалі адстойваць сваю годнасьць праз суд, але Савецкі суд Менску пастанавіў, што ўсе гэтыя зьневажальныя публікацыі зьяўляюцца “зьвесткамі навуковага характару” і ня могуць разглядацца праз суд.

Дарэчы, гэткі ж вэрдыкт вынесьлі летась і пра антысэміцкую кніжку “Вайна па законах подласьці”, што выйшла ў выдавецтве “Праваслаўная ініцыятыва”.

Цягам дыскусіі ўдзельнікі круглага стала падкрэсьлівалі, што дзяржава ня можа ды й, відаць, ня хоча бараніць неправаслаўныя канфэсіі ад публічнага шальмаваньня.Доказам гэтага — факт прызначэньня сябрам экспэртнае рады Дзяржаўнага камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Галіны Рузавай, рэдактара газэты “Личность”, дзе друкуюцца ксэнафобскія артыкулы. Галіна Рузава была экспэртам у фільме “Экспансія”. Яна лічыць, што мае права выказваць свае думкі.

(Рузава: ) "Ёсьць гледзішча журналіста й рэжысэра, якія могуць выказаць свае меркаваньні праз пэўны відэарад. Гэта права журналіста ды рэжысэра".

Мікалай Хаскін з габрэйскай місіянэрскай арганізацыі “Сыён-Ерусалім” упэўнены:

(Хаскін: ) "У дзяржаўных СМІ фактычна прапагандуецца рэлігійна-шавіністычны нацыянал-патрыятызм. Гуляюць карту праваслаўнай экспансіі".

Мікалай Хаскін лічыць, што ў Расеі, адкуль усё гэта трапляе і ў Беларусь, ўжо насталі перадпагромныя часы, у Беларусі пакуль іначай,але…

(Хаскін: ) "Сёньня нас, вернікаў, зноў жадаюць абылгаць, вярнуць у падпольле".

Уціск на неправаслаўныя цэрквы не абмяжоўваецца толькі сыстэмай дзяржаўных СМІ. На круглым стале цытаваліся й афіцыйныя дакумэнты, згодна зь якімі весці місіянэрскую працу ў турмах ды папраўчых калёніях маюць права толькі прадстаўнікі РПЦ.

Пратэстанты казалі й пра тое, што ім адмаўлялі ў арэндзе памяшканьняў, актавых заляў. У Саюзе Хрысьціянаў Веры Эвангельскай, кажа Сяргей Цвор, уладамі не зарэгістравана больш за 250 рэлігійных грамадаў. А менская рэфармацкая грамада чакае рэгістрацыі больш за паўтара года. Юдэі ўсё яшчэ чакаюць адэкватнай рэакцыі ўладаў на спробы падпалу менскай сынагогі пры канцы мінулага году.

Вернікі выказалі шмат прэтэнзіяў да ўладаў, аніводзін прадстаўнік якіх на сустрэчу не прыйшоў. Адмовілася ад дыялёгу й кіраўніцтва беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG