Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


3500 хлопцаў павінна выправіць у войска Гомельшчына да 23 студзеня. Зборны пункт абласнога ваенкамату падобны да патрывожанага мурашніку: сюды едуць і прызыўнікі, і іхныя бацькі.

Прызыўны пункт, што па вуліцы Б.Хмяльніцкага, жалезнай брамай падзяляе будучых ваяроў ды іхных бацькоў. Бацькі й знаёмыя гадзінамі стаяць на холадзе, чакаючы зьвестак з-за жалезнай брамы. Яны скардзяцца на дрэнную арганізацыю адпраўкі, на тое, што іхных сыноў марнуюць на холадзе ў двары зборнага пункту перад адпраўкай у войска.

Вось што распавяла маці прызыўніка Івана Сініцкага — Валянціна Сініцкая зь вёскі Лапаціна Гомельскага раёну:

(Сініцкая: ) "Чакаю: я ж маці, хачу ведаць, куды сына пашлюць".

(Карэспандэнт: ) "А вы яшчэ ня ведаеце?"

(Сініцкая: ) "Не".

(Карэспандэнт: ) "Можа хаця абвесьцілі род войскаў?"

(Сініцкая: ) "А дзявятай гадзіне прывезла й яшчэ ня ведаю, куды паедзе сын. Учора прыяжджалі — не адправілі. І сёньня во стаю. На працу не пайшла — на два дні адпрасілася з працы. Чакаю. Ня ведаю, што й рабіць. Дапамажыце!"

Івана Сініцкага, як іншых 80 хлопцаў, афіцэры зборнага пункту ня могуць выправіць у войска ўжо 1,5 дні. Начальнік аддзяленьня фармаваньня камандаў падпалкоўнік Чуракоў спасылаецца на адсутнасьць дзённых цягнікоў у кірунку Менску й Берасьця. Але больш за ўсё яго турбуе перагляд першапачатковых сьпісаў з-за частых пярэчаньняў мэдычнай камісіі. Стан здароўя навабранцаў не дае мэдыкам пагаджацца з вайсковымі камісарыятамі.

Старшыня вайскова-мэдычнай камісіі, лекар Дзіна Пярлоўская кажа:

(Пярлоўская: ) "Адпраўляем назад штодзень: альбо знаходзім паталёгію й трэба штосьці ўдакладніць у стацыянары шпіталю, альбо прызнаем непрыдатнымі да службы ў войску".

Статыстыка прыгоднасьці юнакоў да службы ў войску ў рэгіёне гэткая. З 5 700 хлопцаў прызыўнага веку амаль 1 000 камісавалі ўжо на першай мэдычнай камісіі. Яшчэ 1 010 па стане здароўя далі адтэрміноўку на лячэньне й новае дасьледаваньне. Працэс гэты працягваецца й зараз, на заключным этапе, калі навабранцаў прывезьлі на зборны пункт.

Паводле словаў лекаркі Пярлоўскай, зашмат прызыўнікоў прыходзяць на агляд нецьвярозыя. Адпраўка такіх хлопцаў затрымліваецца на суткі. Яны валяюцца на нарах на другім паверсе зборнага пункту. Шасьцёра такіх гэтымі днямі афіцэры вымушаныя былі накіраваць у выцьвярэзьнік.

Чаму ж напіваюцца юнакі, ідучы служыць у беларускае войска?

Распавядае начальнік прызыўнага аддзелу абласнога ваенкамату, палкоўнік Васіль Бірын:

(Бірын: ) "Традыцыя славянская такая. У войска ідуць, як на вайну".

А вось думка навабранца Рыгора зь Лельчыцкага раёну:

(Рыгор: ) "Апошні дзень жыць застаецца".

(Карэспандэнт: ) "Чаму ж апошні?"

(Рыгор: ) "Таму, што паўтара года ня вып'еш".

Між тым, у Жыткавіцкім раёне, у паселішчы Азёрны, пад час п'янкі з нагоды праводзінаў у войска стрэлам паранілі 20-гадовага вяскоўца.

Дадам, што 120 юнакоў Гомельшчыны наогул не зьявіліся ў ваенкаматы па позвах.

Казімер Яноўскі, Гомель

XS
SM
MD
LG