Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Як будзе выглядаць бюлетэнь для галасаваньня на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах, прынамсі ў ягонай "апазыцыйнай" частцы? Якія біяграфіі ў прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ад апазыцыі?

Бюлетэнь для галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларусі будзе дакладна зьмяшчаць адно з трох прозьвішчаў — Уладзімера Ганчарыка, Сямёна Домаша ці Міхаіла Чыгіра. А мажліва, спачатку ў бюлетэні яны будуць пазначаныя ўсе — калі Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў вырашыць, што трэба мець пэўную рэзэрву ды здымаць кандыдатуры на карысьць аднаго толькі ў самы пярэдадзень галасаваньня.

Так або інакш, ужо цяпер людзі цікавяцца, хто можа стаць агульным кандыдатам ад апазыцыі ды якое месца працы ён пазначыць у бюлетэні.

60-гадовы Ўладзімер Ганчарык — гэта адзіны патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты ад апазыцыі, пасада якога добра вядомая. Ужо 10 гадоў ён — старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай.

Даведка. Ганчарык Уладзімер Іванавіч нарадзіўся 29 красавіка 1940 году ў вёсцы Аўгустова Лагойскага раёну. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнае гаспадаркі ды Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС. Зьяўляецца кандыдатам эканамічных навук. У першай палове 1960-х працаваў эканамістам, а потым намесьнікам галоўнага бугальтара саўгасу “10 гадоў БССР” у Любанскім раёне.

Пасьля — першы сакратар Любанскага райкаму камсамолу, інструктар Менскага абкаму кампартыі, другі сакратар Дзяржынскага райкаму КПБ. З 1976 году — першы сакратар Чэрвеньскага райкаму КПБ, інспэктар, намесьнік загадчыка аддзела ЦК КПБ, другі сакратар Магілёўскага абкаму КПБ.

З 1986 году Ўладзімер Ганчарык — старшыня Беларускага рэспубліканскага савету прафсаюзаў. Быў народным дэпутатам СССР, а таксама дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі ў другой палове 80-х (11-е скліканьне) ды з 1995 году (13-е скліканьне).

Даведнік "Хто ёсьць хто ў РБ" піша пра спадара Ганчарыка: “Захапленьне: літаратура”.

Другі паводле альфабэту патэнцыйны агульны кандыдат — Сямён Домаш, якому нядаўна споўніўся 51 год, — гэтак адказаў на маё пытаньне, што ён напіша ў графе "месца працы" ў прэзыдэнцкім бюлетэні:

(Домаш: ) "Зараз я старшыня савету грамадзкага аб’яднаньня “Ратуша”. Калі нічога ня зьменіцца, так гэта й будзе”, — сказаў Сямён Домаш, які ўжо год займае гэтую пасаду.

Даведка. Домаш Сямён Мікалаевіч нарадзіўся 2 студзеня 1950 году ў вёсцы Тумашы Ляхавіцкага раёну. Скончыў Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум, Менскую вышэйшую партыйную школу ды Беларускі дзяржаўны інстытут народнае гаспадаркі. Семідзясятыя гады аддаў працы на аўтатранспарце: спачатку Сямён Домаш — мэханік, потым — галоўны інжынэр і далей дырэктар Астравецкае аўтабазы.

Да 1982 году ён быў дырэктарам Гарадзенскага аўтакамбінату, пасьля чаго на год стаў загадчыкам прамыслова-транспартнага аддзелу Гарадзенскага гаркаму КПБ. Далей Сямён Домаш — другі й потым першы сакратар Кастрычніцкага райкаму партыі ў Горадні, а паміж гэтымі пасадамі ён — старшыня Лідзкага гарадзкога выканкаму. Потым спадар Домаш — старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму, з 1991 году адначасова яшчэ й старшыня гарадзкога савету дэпутатаў.

Апошні год перад першымі прэзыдэнцкімі выбарамі ён — кіраўнік выканаўчае ды заканадаўчае ўлады Гарадзенскай вобласьці, а пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі й да рэфэрэндуму 1996 году Сямён Домаш — старшыня толькі абласнога савету. Нагадаю, што Домаш — дэпутат і сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

Апошні з апазыцыйнае тройкі прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта —экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір, якому перад выбарамі споўніцца 53 гады. Пра сваю пасаду ён кажа наступнае:

(Чыгір: ) "Я працую ў гэты момант дарадцам дырэктара навукова-вытворчай фірмы “АДЛ” — гэта скарот ад назову “Асацыяцыя дзелавых людзей”. Я там працую ўжо пяць ці шэсьць месяцаў", — сказаў былы прэм'ер-міністар Міхаіл Чыгір ды запэўніў мяне, што ягонае месца працы ў наступныя паўгода ня зьменіцца.

Даведка. Чыгір Міхаіл Мікалаевіч нарадзіўся 24 траўня 1948 году ў вёсцы Ўсава Капыльскага раёну. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнае гаспадаркі ды спэцыяльны факультэт пры Маскоўскім фінансавым інстытуце. Працаваў кіраўніком Клецкага аддзяленьня Дзяржбанку ды Маскоўскага аддзяленьня гораду Менску.

З 1982-га чатыры гады “на партыйнай рабоце”, а потым кіраўнік Менскае гарадзкое канторы Дзяржбанку. З 1988 году першы намесьнік старшыні, а з 1991 году старшыня ўправы Акцыянэрнага камэрцыйнага “Белаграпрамбанку”. Зь ліпеня 1994 да рэфэрэндуму лістапада 1996 году Чыгір быў прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь, а з 1998 году — прадстаўніком нямецкага канцэрну “Геа” ў краінах СНД. “Захапленьне: пчалярства”, сьцьвярджае даведнік "Хто ёсьць хто ў Рэспубліцы Беларусь".

Юры Сьвірко, Менск

XS
SM
MD
LG