Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У суботу адбудзецца традыцыйны для дыпляматычнага корпусу прыём ад імя А.Лукашэнкі, куды не запрасілі амэрыканскага амбасадара М.Козака. Ягоныя калегі з краінаў Эўразьвязу кажуць, што зьбіраюцца пайсьці на гэты прыём, але канчаткова гэта будзе вырашана сёньня позна ўвечары.

Амэрыканская амбасада ў Менску пакуль так і не адрэагавала на тое, што ейны кіраўнік М.Козак ня быў запрошаны на суботні прыём А.Лукашэнкі.

Прэсавы сакратар апошняга Мікола Барысевіч таксама адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю з амбасадарам ЗША ды кажа, што ўсё ўжо сказаў міністар замежных справаў Міхал Хвастоў, а па дэталі трэба зьвяртацца ў МЗС.

Нагадаю, што спадар Хвастоў заявіў учора, што тэрмін уручэньня амбасадарам Козакам даверчых граматаў ужо не ўзгадняецца. Гэта — своеасаблівая рэакцыя на заяву М.Козака пра нелегітымнасьць усіх галінаў беларускае ўлады, у тым ліку выканаўчае — гэта значыць прэзыдэнта.

Тым часам дуаен менскага дыпляматычнага корпусу, амбасадар з найбольшым тэрмінам працы ў краіне, Ільля Вяльджанаў з Туркмэністану гэтак пракамэнтаваў сытуацыю з М.Козакам, якога не запрасілі на Лукашэнкаў прыём.

(Вяльджанаў: ) "Якое маё стаўленьне?! Яны ж гаспадары, я ж тут не камандую імі. Я думаю, што справа ў тым, што ён яшчэ не ўручыў даверчых граматаў.

Я, напрыклад, указам прэзыдэнта майго быў прызначаны паслом 1 ліпеня 1995 году. А даверчыя граматы я ўручыў ажно 5 кастрычніка 1995 году! І да гэтага на мерапрыемствы (а тады 3 ліпеня быў Дзень вызваленьня Беларусі) мяне не запрашалі", — зазначыў амбасадар Туркмэністану.

Ягоныя калегі з эўрапейскіх дзяржаваў сёньня ўдзень казалі, што на прыём пойдуць. Да А.Лукашэнкі зьбіраецца нават амбасадар Італіі Джавані Чэруці, які ўжо разьвітаўся зь ім з нагоды свайго ад’езду.

А вось адносна таго, ці пойдзе на прыём нямецкі амбасадар Горст Вінкельман, адзін з супрацоўнікаў амбасады сказаў:

(Супрацоўнік нямецкай амбасады: ) "Я атрымаў ад спадара пасла інфармацыю, што ён у Менску і возьме ўдзел у прыёме".

У брытанскай амбасадзе былі не такімі катэгарычныя:

(Дыплямат з брытанскай амбасады: ) "Так, амбасадар атрымаў запрашэньне на прыём прэзыдэнта Лукашэнкі, і ў гэты момант наважаны пайсьці".

Француская амбасада ўвесь дзень ад камэнтароў адмаўлялася, але стала вядома, што эўрапейскія амбасадары сустрэнуцца сёньня ўвечары ды абмяркуюць пытаньне — ці варта ім ісьці на прыём да Аляксандра Лукашэнкі, або прадэманстраваць салідарнасьць з амэрыканскім калегам.

Аднак дуаен Ільля Вяльджанаў заклікае ўсіх дыпляматаў ды беларускі ўрад жыць дружна:

(Вяльджанаў: ) "Трэба ўвогуле добразычліва адзін да другога ставіцца. Асабліва ў гэты год — Год Белай Зьмяі. Ён мусіць быць годам згоды, узаемнай павагі, пачцівыя дачыненьні мусяць быць між дыпляматамі і ўрадам Беларусі", — зазначыў туркмэнскі амбасадар напярэдадні навагодняга прыёму.

Юры Сьвірко, Менск

XS
SM
MD
LG