Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 13 Студзеня 2001)
Беларускія ўлады зьбіраюцца перашкодзіць аднаму з магчымых кандыдатаў на прэзыдэнты Ўладзімеру Ганчарыку ўдзельнічаць у сёлетняй выбарчай кампаніі. 12 студзеня Міністэрства юстыцыі папярэдзіла Фэдэрацыю прафсаюзаў пра недапушчальнасьць ягонага вылучэньня на наступны пленум гэтай арганізацыі.

Заява прэсавай службы Міністэрства юстыцыі сьцьвярджае, што абмеркаваньне гэтай тэмы на паседжаньні рады Фэдэрацыі не адпавядае мэтам і задачам дзейнасьці аб'яднаньня прафсаюзаў ды Выбарчаму кодэксу Беларусі.

Пры ігнараваньні прафсаюзнымі лідэрамі гэтага палажэньня, падкрэсьлівае заява, Мінюст спачатку пісьмова папярэдзіць Фэдэрацыю, а затым паставіць пытаньне пра яе ліквідацыю.

Паплечнікі Ўладзімера Ганчарыка ўспрынялі гэты дакумэнт як запалохваньне. На іхную думку, улады абвесьцілі, што з гэтага часу не пацерпяць прафсаюзнага ўдзелу ў палітычным жыцьці краіны. Але ці магчыма гэта? Гаворыць намесьнік старшыні Фэдэрацыі Мікалай Беланоўскі:

(Беланоўскі: ) "Прафсаюз — гэта эканамічнае грамадзкае аб'яднаньне, якое мусіць бараніць эканамічныя інтарэсы працоўных. Вы ведаеце, што мы заключаем на некалькі гадоў генэральнае пагадненьне, якое ўтрымлівае шмат пунктаў, што абараняюць правы калектываў і самых грамадзян.

Сёлета наш урад, на жаль, ня хоча ісьці на канкрэтныя пагадненьні заробку. А толькі прапануе нейкія агульныя захады, каб павышаць узровень заробку. Мы на гэта пагадзіцца ня можам".

(Карэспандэнт: ) "І гэта падштурхоўвае прафсаюзы да палітычных дзеяньняў?"

(Беланоўскі: ) "Гэта так. Мы ня маем іншай магчымасьці, каб прымусіць іх пайсьці на кампраміс. Выходзіць, мы павінны прымушаць урад. Калі ён ня пойдзе на гэтыя пагадненьні, дык няма аніякіх прапановаў, акрамя як казаць, што гэты ўрад не патрэбны. А гэта ўжо палітыка.

Таксама стаўленьне да прэзыдэнцкіх выбараў. І мы гатовыя пайсьці на перамовы ды вызначыць нашыя падыходы, а магчыма, падставіць плячо для вырашэньня дзяржаўных пытаньняў, улучна з палітычнымі. Але адміністрацыя прэзыдэнта, зь ім разам, не йдзе на перамовы, а наадварот, спрабуе ўмешвацца ў нашыя ўнутраныя справы, нейкія ладзіць перашкоды. Дык мы ня маем іншага выбару, як толькі ці папраўляць іх, ці мяняць", — зазначыў Мікалай Беланоўскі.

Кіраўнікі Фэдэрацыі лічаць, што зьяўленьне пагрозы выкліканае плянамі прафсаюзаў выказаць неўзабаве афіцыйнае стаўленьне да палітычнага курсу А.Лукашэнкі.

Па-другое, улады зьбіраюцца папярэдзіць прафсаюзных лідэраў пра недапушчальнасьць вылучэньня са сваіх шэрагаў кандыдата на прэзыдэнты.

Як вядома, зараз найбольш верагодным прафсаюзным кандыдатам называюць Уладзімера Ганчарыка. Але апошняе слова адносна прозьвішча лідэра ды формы прафсаюзнага ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі меркавалася сказаць на бліжэйшых паседжаньнях кіраўнічых органаў Фэдэрацыі — прэзыдыюме й пленуме.

Учора, адразу ж пасьля атрыманьня заявы Мінюсту, гэты дакумэнт быў накіраваны на экспэртызу юрыстам Фэдэрацыі. Кіраўнікі Фэдэрацыі чакаюць ад сваёй юрыдычнай службы адказу на пытаньне: ці напраўду яны парушаюць цяперашняе прафсаюзнае і выбарчае заканадаўства?

Відавочна, што ад адказу на яго залежыць тактыка наступных дзеяньняў прафсаюзаў.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG