Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Згодна з новым Крымінальным кодэксам, беларускія мэдыкі нясуць крымінальную адказнасьць за неаказаную мэдычную дапамогу ці ейную неадпаведнасьць. У пэўных выпадках мэдыкі могуць трапіць за краты на 2, 3 альбо 5 гадоў.

Новы Крымінальны кодэкс, які дзее з 1 студзеня, пры пэўных абставінах можа адправіць беларускіх мэдыкаў за краты.

Прыкладам, за неаказаньне мэдычнай дапамогі без паважнай прычыны лекараў могуць караць пазбаўленьнем волі да 2 гадоў. За дзеяньні ж, што прывялі да сьмерці хворага ці да цяжкага цялеснага пашкоджаньня, можна атрымаць 3 гады зьняволеньня.

Існуе цяпер крымінальная адказнасьць за неадпаведнае выкананьне прафэсійных абавязкаў. Калі з гэтай прычыны хворы атрымаў цяжкія ды менш цяжкія цялесныя пашкоджаньні, дык вінаватаму лекару могуць даць штраф, пазбавіць яго права займацца мэдычнай практыкай, прысудзіць да папраўчых працаў на 2 гады ці пазбавіць волі да 3 гадоў.

Калі хворы памрэ альбо будзе інфікаваны СНІДам, вінаваты лекар можа трапіць за краты ажно на 5 гадоў.

Большасьць беларускіх мэдыкаў абураныя гэтай навацыяй у Крымінальным кодэксе. Свой пункт гледжаньня выказвае вядучы навуковы супрацоўнік НДІ анкалёгіі і мэдыцынскай радыёлёгіі Павал Маісееў:

(Маісееў: ) "Калі такія артыкулы ёсьць, дык мусяць быць іншыя — пра абарону таго ж лекара. Перш чым ўводзіць гэткія артыкулы, ды яшчэ з гэткімі тэрмінамі зьняволеньня, павінны быць нейкія ўмовы для працы лекара. Лекар мусіць мець адпаведнае абсталяваньне, лекі ўсе патрэбныя і нядрэнны заробак.

Кожны лекар мае права на памылку, гэтак так, але я ня ведаю такіх лекараў, якія б ставілі за мэту загубіць хворага. Я разумею пачуцьці сваякоў, родных, знаёмых, калі надараецца сьмерць ці яшчэ што. Яны ў адчаі могуць напісаць што заўгодна. Тады лекар робіцца безабаронным".

На думку П.Маісеева, зьмены ў кодэксе — спроба зрабіць выгляд, што ў мэдыцыне наводзіцца парадак. А паводле дырэктара Інстытуту нэйралёгіі, нэйрахірургіі і фізыятэрапіі Арнольда Сьмеяновіча, такія захады наогул небясьпечныя.

(Сьмеяновіч: ) "Можна згубіць усіх лекараў ды застацца ўвогуле без мэдыкаў. Бо ў новым кодэксе прадугледжаная адказнасьць за тое, што можа надарыцца з пацыентам пасьля лекарскага агляду.

А тут могуць быць любыя ўскладненьні, бо цяпер мэдыкі ня маюць сучаснага абсталяваньня для поўнага дасьледаваньня, каб усё прадугледзець. Тут шмат яшчэ чаго незразумелага".

На думку загадчыцы 1-м нэўралягічным аддзяленьнем 9 клінічнай больніцы Вольгі Бузуевай, лекарам не патрэбныя пагрозы, каб сьвядома выконваць свае прафэсійныя абавязкі.

(Бузуева: ) "Лекар заўжды адчувае маральную адказнасьць перад пацыентам, і ніякі Крымінальны кодэкс ня можа гэтага замяніць. Я ды многія мае калегі ўспрынялі гэтую навацыю зь вялікім незадавальненьнем, таму што гэтыя артыкулы напісаныя так, што ў любой сытуацыі можна абвінаваціць лекара".

Дарэчы, беларускім лекарам дагэтуль няясна: калі нешта здарыцца, хто будзе вызначаць — адпаведна ці неадпаведна яны выконвалі свае прафэсійныя абавязкі? Бо ў новым кодэксе гэта не пазначана. А ў юрыдычным аддзеле Міністэрства аховы здароўя пакуль не бяруцца камэнтаваць гэтай вельмі істотнайакалічнасьці.

Ганна Соусь, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG