Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Час ад часу ў польскiм друку зьяўляюцца артыкулы, у якiх гучыць досыць выразны клопат: мы забылiся на Беларусь, трэба штосьцi рабiць дзеля суседа...

Што добрага зрабіць для суседа?

На гэты раз голас сапраўды вельмi дабразычлiвы... Мова пра артыкул Войцэха Мазярскага «Дзе мой сусед?», надрукаваны ў бадай самай папулярнай у Польшчы «Газеце Выборчай». Сэнс публiкацыi такi: польскi цягнiк досыць iмклiва iмчыць на Захад, але цi добра, што застаюцца на сваiм месьцы ўсходнiя «вагоны» – Украiна, Беларусь?

Зразумела, iнiцыятыва адносна таго, у якiм кiрунку лепш рухацца, належыць да народаў гэтых краiнаў. Але цi азначае гэта, што Польшча павiнна моўчкi назiраць за тым, як адлегласьць памiж цягнiком i тымi вагонамi павялiчваецца? Польскi журналiст горача пратэстуе супраць таго, каб на Бугу паўстала новая «жалезная заслона», што будзе (згодна зь нейкай праграмай, пра якую ўсе ведаюць, хаця ўслых не гавораць) дзялiць дабраўпарадкаваны, дэмакратычны Захад i згаладнелы, анархiчны, непрадказальны Ўсход. Такiм чынам самое паняцьце Цэнтральнай Эўропы, на думку Мазярскага, становiцца мiтычным. Ён прыводзiць аргумэнты на карысьць таго, што дзьверы на Ўсход трэба трымаць адкрытымi.

Але перш за ўсё трэба канчаткова пазбыцца тэрмiну «крэсы», якi апошнiм часам са слоўнiка нацыяналiстаў пасунуўся ў звычайную мову, iм карыстаюцца i ў сэйме, i на тэлебачаннi, i ў касьцёлах... «Нiкому не прыходзiць у галаву, якiм чынам рэагавалi б палякi, калi б у Бэрлiне Альштын цi Ўроцлаў называлi б «нямецкiмi крэсамi». Войцэх Мазярскi заклiкае такую вядомую дабрачынную арганiзацыю як «Агульная Польшча» больш мэтанакiравана выдаваць сродкi на стыпендыi для перакладчыкаў з ўкраiнскай i беларускай лiтаратур, на падпiску на польскiя перыёдыкi для бiблiятэкаў у Беларусi.

А чаму так замала беларускiх дзетак навучаецца на роднай мове ў школах Беласточчыны? Журналiст падкрэсьлiвае неабходнасьць стварэньня комплекснай праграмы такога разьвiцьця беларускасьцi ў Польшчы, каб належнасьць да гэтай этнiчнай меншасьцi ў краiне не лучылася як сёньня з нейкай другараднасьцю i правiнцыйнасьцю. Дарэчы, дадам, што гэтая праблема ў сваю чаргу вельмi цесна зьвязаная з пераадоленьнем пэўнай польскай ксэнафобii i неабходнасьцi ў сувязi з блiзкiм уваходжаньнем краiны ў Эўрапейскi Зьвяз засваеньня прынцыпаў шматкультурнага грамадзтва.

Мазярскi лiчыць, што i гарантыя бясьпекi Польшчы – гэта стабiльны дэмакратычны лад у яе суседзяў. I хаця ключ да такой будучынi ў руках самiх украiнцаў i беларусаў, Польшча можа пераканаць суседзяў вiдавочнымi перавагамi ўласнага разьвiцьця дэмакратыi. «Кожны жыхар Беларусi, якi робiць закупы ў нашых супэрмаркетах, – гэта голас за тое, каб Беларусь далучылася да заходнiх дэмакратычных каштоўнасьцяў”. Каб сталася так – падкрэсьлiвае журналiст – трэба трымаць дзьверы на Ўсход адкрытымi як мага шырэй. I хуткае ўвядзеньне вiзаў не павiнна перашкаджаць знаёмству звычайнага беларуса з дасягненьнямi сёньняшняй Польшчы.

I яшчэ адзiн важны аргумэнт. Пасьля далучэньня Польшчы да Эўрапейскага Саюзу менавiта яна павiнна ўзяць на сябе ролю адваката i прадстаўнiка беларусаў i ўкраiнцаў на Захадзе. Каб эўрапейцы, на якiх таксама ў пэўнай ступенi дзейнiчае вiрус падзелу на «сваiх» i «чужых», прызналi беларусаў за сваiх.

Сямён Букчын, Варшава

XS
SM
MD
LG