Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


З 10 студзеня ў межах беларуска-польскага праекту “Арыядна” дзейнічае тэлефонная лінія для беларускіх жанчын, якія едуць за мяжу дзеля шлюбу, вучобы альбо працаўладкаваньня. Галоўная мэта навацыі — прадухіліць вываз і продаж беларускіх жанчын у публічныя дамы заходніх краінаў.

Паводле экспэртаў ААН, гандаль жанчынамі — найбольш распаўсюджаны злачынны бізнэс у сьвеце, які па прыбытковасьці на трэцім месцы пасьля гандлю зброяй і наркотыкамі.

Атрымаць дакладныя статыстычныя зьвесткі пра беларускіх жанчын, якія сталі ахвярамі “трафікёраў” — гэтак званых гандляроў людзьмі, амаль немагчыма. Але, як сьцьвярджаюць прадстаўнікі беларускіх жаночых арганізацыяў, паводле ўскосных зьвестак, гэта прыкладна 5-10 тысячаў жанчын штогод. І апошнім часам гэтыя лічбы павялічваюцца.

Менавіта дзеля прадухіленьня далейшага гандлю беларускімі жанчынамі й распачаўся супольны беларуска-польскі праект “Арыядна”.

Цяпер штосераду з 10-й да 19-й гадзіны беларускія жанчыны, якія накіроўваюцца за мяжу, змогуць патэлефанаваць па менскім тэлефонным нумары 245-31-67, каб бясплатна ды ананімна атрымаць адпаведную кансультацыю наконт ад'езду. Даюць парады па афармленьні дакумэнтаў, юрыдычных пытаньнях ды іншыя.

Беларуска-польскі праект “Арыядна” вядуць Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчынаў і Польскі фонд супраць гандлю жанчынамі “Ля страда”, фінансуюць праект фонд Стэфана Баторыя і АБСЭ.

Кіраўніца праекту Ірына Альхоўка кажа, што ўдзел польскага боку ў гэтай навацыі ня быў выпадковым:

(Альхоўка: ) "Удзел Польшчы ў праекце не выпадковы. Якраз праз Польшчу адбываецца вываз беларускіх жанчын у іншыя краіны Заходняй Эўропы. Польшча выступае і ў ролі краіны транзыту, і краіны прыбыцьця — дзе жанчыны трапляюць у небясьпечныя сытуацыі і робяцца ахвярамі гандлю жанчынамі".

Спн. Альхоўка лічыць, што апошнім часам беларускія жанчыны ўсё часьцей робяцца ахвярамі “трафікёраў” з прычыны пагаршэньня жыцьця ў Беларусі. Жанчыны шукаюць лепшай долі і ненаўмысна трапляюць у небясьпечныя сытуацыі за мяжой.

Але ж, тлумачыць Ірына Альхоўка, удзельнікі “Арыядны” не зьбіраюцца адгаворваць беларускіх кабет пашукаць шчасьця за мяжой. Яны імкнуцца толькі даць жанчынам усю неабходную інфармацыю, якая ім спатрэбіцца пры працаўладкаваньні, навучаньні ды шлюбных працэдурах.

Дарэчы, пэўную кансультацыю змогуць атрымаць праз інфалінію “Арыядны” і тыя жанчыны, якія хочуць працаўладкавацца ў замежжы нелегальна.

Польскі ўдзельнік праекту, арганізацыя “Ля страда”, ужо пяць гадоў займаецца прадухіленьнем гандлю жанчынамі і дапамагае ахвярам “трафікёраў”. У Польшчы існуе так званая сетка прадстаўнікоў “Ля страды” — “жанчыны даверу”, якія працуюць у рэгіёнах і інфармуюць кабет пра магчымую небясьпеку за мяжой.

Двойчы на тыдзень працуе тэлефонная кансультацыйная лінія “Ля страды”, па тэлебачаньні паказваюць ролікі пра лёс маладых дзяўчат, якія трапілі ў замежныя бардэлі, вядзецца інфармацыйная праца ў навучальных установах.

У Беларусі гэткай прафіляктычнай работы пакуль не вядзецца, але ж пэўныя крокі ўсё ж ёсьць, сьведчаньне гэтага — цяперашняе зьяўленьне інфалініі “Арыядна”.

Ганна Соусь, Менск

XS
SM
MD
LG