Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Галоўны рэдактар “Нашай свабоды” Павал Жук разглядае артыкул “Врачебное заключение” як перасьцярогу грамадзянам Беларусі. П.Жук ня думае, што справа дойдзе да закрыцьця газэты, але гатовы й да гэткага разьвіцьця падзеяў.

Павал Жук, галоўны рэдактар газэты, што апублікавала сёньня сэнсацыйны матэрыял, увесь дзень быў у рэдакцыі ды адказваў на шматлікія тэлефанаваньні. Ён даў інтэрвію і для Радыё Свабода.

Маё першае пытаньне было пра магчымае закрыцьцё газэты. Пакуль наўпростай пагрозы спадар Жук ня бачыць, але не выключае, што гісторыя будзе мець судовы працяг.

(Жук: ) "Закрыцьцё газэты з-за гэтай публікацыі — пацьверджаньне праўдзівасьці публікацыі. Ды проста так газэту не зачыняць — абавязкова падамо ў суд. І ў тым самым судзе будзем патрабаваць, каб была створаная камісія спэцыялістаў, замежных і беларускіх, каб яна правяла экспэртызу — не завочную, а па факце".

(Карэспандэнт: ) "У Беларусі добра ведаюць, што можна неяк крытыкаваць, закранаць асобаў у атачэньні Лукашэнкі, але нельга кранаць яго самога, бо гэта небясьпечна. Асабіста вы не апасаяцесе нейкіх дрэнных наступстваў?"

(Жук: ) "Для мяне гэта ня можа пацягнуць аніякіх наступстваў. Па-першае, надрукавала гэта ўсё ж газэта. Па-другое, гэтая інфармацыя калі б ня сёньня ранкам, дык па абедзе так і так пайшла ў сьвет. Проста мы першыя пасьпелі надрукаваць.

Мы ўчора атрымалі відэастужку, атрымалі інфармацыю, што на такім і такім сайце ёсьць гэтыя зьвесткі".

(Карэспандэнт: ) "А на сайт яна патрапіла толькі ўчора?"

(Жук: ) "Я ня ведаю, колькі яна там вісела на тым сайце. Мы атрымалі зьвесткі пра тую інфармацыю ўчора. Мы вырашылі яе надрукаваць, бо з гледжаньня рэдакцыі гэта надта важная інфармацыя, якой нельга хаваць ад грамадзянаў Рэспублікі Беларусі.

Гэта чалавек, які знаходзіцца ва ўладзе і, згодна гэтай інфармацыі,
можа прынесьці небясьпеку дабрабыту (і ня толькі) жыхароў нашай краіны".

(Карэспандэнт: ) "Ці маеце вы нейкія зьвесткі пра тое, як успрынятая гэта інфармацыя — наверсе і ў шараговых чытачоў?"

(Жук: ) "Шараговыя чытачы прагаласавалі тым, што газэту нідзе не купіць, а што там робіцца наверсе, я пакуль ня ведаю.

Калі, прыкладам, да мяне прыйдзе сам Лукашэнка ды скажа: давай объяснимся, мы зь ім пагаворым. Але калі ён, скажам, некаму загадае прыйсьці разабрацца з газэтай, то кожны адразу падумае: сапраўды, у газэце напісаная праўда.

Калі ёсьць нейкія прэтэнзіі ва ўладаў і асабіста ў Лукашэнкі да нашай газэты, можам высьветляць гэта цывілізаваным шляхам, праз суд. І я кажу, што мы тады запатрабуем сапраўднай, вочнай псыхіятрычнай экспэртызы", — кажа галоўны рэдактар “Нашай Свабоды” Павал Жук.

Па камэнтар пра магчымыя наступствы для рэдакцыі пасьля сёньняшняй публікацыі я зьвярнуўся таксама да экспэрта Цэнтру прававой абароны Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца.

Юрыст лічыць, што ўлады могуць распачаць нават крымінальны перасьлед, скарыстаўшыся 367-м артыкулам новага Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае ад 2 да 4 гадоў турмы за паклёп на кіраўніка дзяржавы.

Аднак гэты шлях падаецца сп.Бастунцу малаверагодным, бо тады ўвага будзе прыцягнутая да аўтара публікацыі, і ўладам дабрацца да яго будзе цяжка. Найхутчэй яны зробяць асноўнай мішэньню саму газэту.

(Бастунец: ) "Крымінальная адказнасьць — гэта толькі адзін з шляхоў, ёсьць іншыя — адміністрацыйная адказнасьць, там штраф ад 50 да 100 мінімальных заробкаў. Магчыма таксама й па Грамадзянскім кодэксе прыцягнуць да адказнасьці, падаць пазоў пра абарону гонару прэзыдэнта, і зрабіць гэта можа генэральны пракурор ці пракурор абласьцей і Менску, але ж Лукашэнка мусіць даць згоду на гэта.

(Карэспандэнт: ) "І чаго ў такіх выпадках варта чакаць рэдакцыі?"

(Бастунец: ) "Калі гэта будзе ў грамадзянскім парадку, цяжка сказаць, бо наша практыка юрыдычная і наш закон — яны не заўсёды супадаюць. З сэнсу гэтага закону выходзіць, што ня могуць пракуроры падаць пазоў пра кампэнсацыю маральнай шкоды. Але ж можа быць і такі варыянт.

Лічу, што калі такі зварот у суд будзе, дык будзе весьціся і пра кампэнсацыю маральнай шкоды. Мы помнім, як Шэйман з "Навінамі" і Сяргеем Аніськам судзіўся, дык каля 30 000 даляраў, а па афіцыйным курсе — 50 000 даляраў ён патрабаваў.

Але ўсё тут даволі цяжка, бо артыкул сам пабудаваны на цытатах Аляксандра Лукашэнкі, на нейкіх цытатах з надрукаваных артыкулаў ці выказваньняў нейкіх людзей, а вось якія робіць высновы аўтар артыкула — менавіта гэта можа быць зачэпкай", — мяркуе экспэрт Цэнтру прававой абароны Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG