Палітычны камітэт Рады Эўропы на паседжаньні ў Страсбургу
22-га ці 23-га студзеня ізноў будзе разглядаць беларускае пытаньне.
Беларускае пытаньне — гэта статус Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Яшчэ ў студзені 1997 году бюро Парлямэнцкай
асамблеі прыпыніла статус "адмыслова запрошанага" для найвышэйшага заканадаўчага
органу Беларусі. Прычына — уплывовая міжнародная арганізацыя не прызнае
вынікаў лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году.
З той пары ўлады Беларусі просяць разгледзець пытаньне пра вяртаньне
страчанага статусу, і структуры Парлямэнцкай асамблеі штогод яго разглядаюць.
Пры гэтым штораз канстатуюць, што перагледзець рашэньне немагчыма, бо Беларусь
моцна адстае ад стандартаў Рады Эўропы што да плюралістычнай дэмакратыі,
вяршынства права і правоў чалавека.
Апошні разгляд адбыўся роўна год таму — асамблея абмеркавала даклад
Вольфганга Бэрандта й пацьвердзіла свае ранейшыя высновы.
Традыцыйна ў Страсбургу выкладалі свой погляд на сытуацыю ў Беларусі
дзьве беларускія дэлегацыі — ад Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня і ад
гэтак званай Палаты прадстаўнікоў 1-га скліканьня.
Сёлета на паседжаньне таксама запрошаныя дзьве дэлегацыі — адна ад гэтак
званай Палаты 2-га скліканьня, другая ж — не ад Вярхоўнага Савету, а ад
палітычнай апазыцыі. Чым можна патлумачыць адмову міжнароднай арганізацыі
запрасіць дэпутатаў Вярхоўнага Савету?
Камэнтуе гэтую сытуацыю старшыня Камісіі па мэдыях пры прэзыдыюме ВС
13-га скліканьня Ўладзімер Нісьцюк.
(Нісьцюк: ) "Цяпер вагаюцца многія парлямэнтары ня толькі ва Ўсходняй
Эўропе, але і ў Заходняй Эўропе. Па-першае, трэба прызнаць, што Вярхоўны
Савет як структура многага не зрабіў, што мусіў бы зрабіць за гэты час.
Ад'езд спадара Шарэцкага, зьнікненьне спадара Ганчара… І тое, што ў
Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету зараз вельмі складана з прадстаўніцтвам палітычных
партыяў — ад камуністаў да больш такіх радыкальных сілаў.
Гэта не дае аб'яднаць рэшту дэпутатаў Вярхоўнага Савету для актыўнай
і карыснай працы. Існаваць шмат гадоў толькі як сымбаль, сьцяг барацьбы
за дэмакратыю — немагчыма. Трэба дэманстраваць канкрэтную працу.
Па-другое, я бачу, што ўдзел вялікай групы дэпутатаў Вярхоўнага Савету
ў выбарах у Палату прадстаўнікоў паказаў цікавасьцьь дэпутатаў Вярхоўнага
Савету да новай улады. І яны ж цяпер дапамагаюць прызнаць новую ўладу больш
легітымнай за тую ўладу, што была выбраная ў 1996 годзе", — разважае дэпутат
ВС Уладзімер Нісьцюк.
Варта ўвагі й тое, што склад беларускай дэлегацыі ад апазыцыі вызначыла
непасрэдна Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы. У Страсбург, згодна зь цяперашняй
інфармацыяй, запрошаныя Ўладзімер Ганчарык, Сямён Домаш і Міхаіл Чыгір.
Гэта выклікала адпаведную рэакцыю гэтак званай Палаты прадстаўнікоў.
Там палічылі, што эўрапейцы гэтак "раскручваюць" патэнцыйных кандыдатаў
на прэзыдэнта Беларусі. Таму, паводле інфармацыі з парлямэнцкіх кулюараў,
хочуць выключыць са складу сваёй дэлегацыі Вольгу Абрамаву і Ўладзімера
Навасяда і замяніць іх на дэпутатаў з больш кансэрватыўнымі поглядамі.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1