Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня кіраўнік асіповіцкага грамадзкага аб’яднаньня “Каралеўства Беларусь” Рыгор Сімбірол, якога ў судзе абвінавацілі ў супраціўленьні міліцыянтам, быў пакараны штрафам у памеры сямі мінімальных заробкаў.

Адміністрацыйная справа супраць спадара Сімбірола была ўзбуджаная на ініцыятыву пракурора Асіповіцкага раёну Генадзя Бабакова. Адметна, што пасьля ўзбуджэньня справы ён падаў у адстаўку і на судзе не прысутнічаў. Сьведкамі на судзе выступалі міліцыянты – тыя самыя, якія рабілі ператрус у сядзібе аб’яднаньня “Каралеўства Беларусь”.

12 сьнежня летась міліцыянты разам з бабаковым уварваліся ў памяшканьне ды заявілі, што яны павінны правесьці ператрус па факце паклёпу ў газэце “Панарама”, якую выдае “Каралеўства Беларусь”. Перад уварваньнем міліцыянты прадставіліся суседзямі, а калі Сімбірол адчыніў ім дзьверы, адразу кінуліся да кампутараў. Менавіта тады кіраўнік арганізацыі паспрабаваў іх спыніць, што і стала падставай для завядзеньня адміністрацыйнай справы.

На судзе адзказчык адзначыў, што міліцыянты не паказалі пасьведчаньняў, і таму ён кінуўся ратаваць уласнасьць ад незнаёмых людзей. Адметна, што першапачаткова міліцыянты ня мелі намеру распачынаць справу, аднак пасьля таго, як Рыгор Сімбірол накіраваў у асіповіцкую раённую паракуратуру і мясцовы РАЎС скрагу на дзеяньні прадстаўнікоў праваахоўчых ворганаў, працэс, як кажуць, пайшоў.

Справа ў тым, што міліцыянты адштурхнулі хлопца ўбок, і ён атрымаў цялесныя пашкоджаньні і пацьвердзіў гэты факт даведкай судмэдэкспэртызы. Паводле спадара Сімбірола, сьведкам супраць яго на судзе выступаў той самы старэйшы лейтэнант Юры Грабін, які выкручваў яму руку.

Вядома, што напрыканцы летась суд адхіліў пазоў Рыгора Сімбірола да міліцыі, і на сёньняшнім судзе больш важкімі былі прызнаныя сьведчаньні міліцыянтаў. Але, як напісана ў судовай пастанове, улічыўшы зьмякчальныя абставіны, Сімбірола пакаралі не зьняволеньнем, а штрафам у памеры сямі мінімальных заробкаў.

Камэнтуючы рашэньне суду, Рыгор Сімбірол адзначыў: “Я пераканаўся, што супраць міліцэйскай машыны не папрэш, бо пазоў зьявіўся пасьля таго, як я накіраваў скаргу ў міліцыю і пракуратуру. Інакш як помстай гэта не назавеш”.

Аляксандар Сердзюкоў, Асіповічы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG