Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Генэральны дырэктар друкарскай фірмы “Мэджык” Юры Будзько лічыць, што, калі канфіскацыя друкарскага абсталяваньня ня будзе адмененая, празь некалькі месяцаў фірма збанкрутуе. Рэдактары газэтаў заяўляюць: гэта ня спыніць распаўсюду іхных выданьняў.

Сёньня ў рэдакцыі газэты “Рабочы” адбылася прэсавая канфэрэнцыя, прысьвечаная падзеям вакол друкарні “Мэджык”. Юры Будзько, кіраўнік “Мэджыку”, і рэдактары газэтаў, што друкуюцца ў гэтай друкарні, выклалі свае погляды на прычыны канфлікту, ягоныя наступствы і пэрспэктывы вырашэньня.

Гаспадар друкарні казаў выключна пра юрыдычныя і эканамічныя аспэкты праблемы, прадстаўнікі газэтаў гаварылі і пра палітыку.

Кіраўнік “Мэджыку” зьвярнуў увагу на недарэчнасьць пазыцыі дзяржаўных органаў. Яны лічаць, што арыштавалі маёмасьць Беларускага Фонду Сораса, але ж прызнаюць, што такой арганізацыі ў Беларусі ўжо не існуе. Тады сорасаўскай маёмасьцю спачатку павінна была б заняцца ліквідацыйная камісія, але не падатковая інспэкцыя, перакананы сп.Будзько.

Таксама Ю.Будзько казаў пра фінансавыя прэтэнзіі да дзяржавы. Запазычанасьць Фонду Сораса — 78 мільёнаў рублёў, а арыштаваная маёмасьць каштуе 360 мільёнаў рублёў. Да таго ж “Мэджык” церпіць страты за арэнду плошчаў ды за паслугі, якія мог даваць сам, але зараз вымушаны замаўляць у іншых фірмаў. Неўзабаве гэта прывядзе да фінансавага краху прадпрыемства.

(Будзько: ) "У прынцыпе, калі гэткае становішча будзе захоўвацца некалькі месяцаў, фірма можа загінуць сама сабою", — кажа кіраўнік “Мэджыку” Юры Будзько.

І ўсё ж сп.Будзько удакладніў, што ня мае прэтэнзіяў да непасрэдных выканаўцаў судовай пастановы пра арышт маёмасьці. Галоўная прычына канфлікту, на ягоную думку — адсутнасьць альбо расплывістасьць многіх нормаў, якія рэгулююць дачыненьні між уладальнікам і арандатарам маёмасьці.

Тым ня менш, Ю.Будзько запэўніў, што пакуль ягоная фірма здольная трымаць абавязацельствы па друкаваньні 20 выданьняў, зь якімі падпісаныя дамовы.

Прадстаўнікі некаторых гэтых выданьняў мелі больш рашучы настрой. Павал Жук з “Нашай Свабоды” паўтарыў ранейшыя зьвесткі пра загад спыніць дзейнасьць друкарні, які нібыта атрымаў Дзяржаўны камітэт па друку.

Згодна са зьвесткамі галоўнага рэдактара "Нашай свабоды", чыноўнікі атрымалі загад разабрацца з усімі прыватнымі друкарнямі, якія будуць абслугоўваць апазыцыю. Павал Жук не назваў дакладнай крыніцы гэтай інфармацыі, але запэўніў, што гаворка ідзе пра сапраўдны плян падрыхтоўкі да будучых прэзыдэнцкіх выбараў, распрацаваны ў нетрах Лукашэнкавай адміністрацыі.

Выканаўчы дырэктар “Белорусской деловой газеты” Эдуард Мельнікаў зьвярнуў ўвагу на іншыя мэтады барацьбы зь недзяржаўнымі выданьнямі напярэдадні выбараў. У прыватнасьці, для незалежных газэт, на думку Мельнікава, штучна ствараюцца арганізацыйныя і фінансавыя перашкоды.

Аднак выдаўцы гэтых газэтаў, іхныя рэдактары і супрацоўнікі ня думаюць здавацца. Галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч казаў пра вялікія цяжкасьці, але й пра самыя шырокія пэрспэктывы ў распаўсюджваньні свайго выданьня ў Беларусі.

(Сярэдзіч: ) "У нас манапаліст у Менску найгалоўнейшы — Беларускі Дом Друку. Ёсьць "Чырвоная зорка", гэта таксама дзяржаўнае прадпрыемства, і зноў жа — туды нам ходу няма. Таму на сёньняшні дзень мы ў Менску змаглі б нармальна друкавацца на тых жа станках у друкарні "Мэджык".

(Карэспандэнт: ) "Але вы шукаеце тут у Беларусі іншых варыянтаў, акрамя "Мэджыку"?

(Сярэдзіч: ) "Я думаю, што не ў Беларусі — бо нас, магчыма, чакае чарговая эміграцыя ў суседнія краіны. І мы да гэтага гатовыя, мы часта казалі пра гэта. Калі раптам улады нас вымусяць пайсьці на гэткі крок, я думаю, што для тых жа ўладаў гэта не найлепшы варыянт, бо ня надта прыемна будзе, калі тая ж "Народная воля" будзе дастаўляцца, скажам, з дапамогай паветраных шароў".

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG