У 1993 годзе пад эгідай ААН быў створаны Міжнародны трыбунал з сядзібай
у Гаазе для разгляду ваенных злачынстваў у былой Югаславіі. Дагэтуль, перад
Судом сталі і былі засуджаныя некалькі дзясяткаў ваенных злачынцаў, затое
не ўдаецца прыцягнуць да адказнасьці галоўных абвінавачаных, у тым ліку
былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча. У аўторак неспадзявана
ў Гаагу прыбыла першая жанчына, якая калі-небудзь стаяла перад гэтым судом
– былы прэзыдэнт Сэрбскай Рэспублікі ў Босьніі Більяна Плавсіч.
Зьяўленьне Більяны Плавсіч у Гаазе і ейнае затрыманьне, пацьвердзіла
ўчора Генэральны Пракурор Міжнароднага Трыбуналу – Карля дэль Понтэ:
(Крля дэль Понтэ: ) “Я пацьвярджаю, што Більяна Плавсіч дабраахвотна
здалася сёньня Міжнароднаму Трыбуналу ў Гаазе. Яна абвінавачваецца ў генацыдзе,
злачынствах супраць чалавецтва, парушэньні законаў і звычаяў вядзеньня
вайны ў адпаведнасьці з Жэнэўскай Канвэнцыяй у Босьніі і Герцагавіне ў
91-92-м гадох”.
Адначасова трыбунал паведаміў, што хаця прозьвішча Плавсіч адсутнічала
ў сьпісе ваенных злачынцаў, аднак ужо 7-га красавіка летась, супраць Плавсіч
было высунатае закрытае абвінавачаньне. На 13-ці старонках абвінавачаньня,
у прыватнасьці, гаворыцца, што згаданыя вышэй злачынствы, яна зьдзяйсьняла
разам зь іншымі сэрбскімі лідэрамі: Радаванам Караджычам і Мамчыла Крайішнікам.
Першы зь іх дагэтуль ня злоўлены, а другі зараз знаходзіцца ў сьледчым
ізалятары Трыбуналу. Летась Крайішніка арыштавалі французкія вайскоўцы,
і мяркуецца, што сёлета ён таксама стане перад судом. Усе трое ў прыватнасьці
абвінавачваюцца ў тым, што ў пэрыяд з красавіка да лістапада 92-га году
арганізавалі альбо дазволілі масавыя забойствы як мінімум 900 чалавек.
Трыбунал ускладае на іх адказнасьць таксама за тое, што зь ліпеня 91-га,
яны арганізавалі этнічныя чысткі харватаў і мусульманаў і санкцыянавалі
стварэньне 20-ці канцэнтрацыйных лягераў, дзе вязьняў гвалтавалі, катавалі
і забівалі.
“Плавсіч ведала альбо павінна была ведаць, што рабілі сэрбскія сілы,
і замест таго, каб супрацівіцца гэтаму, яна публічна ўхваляла зьдейсьненыя
злычынствы,” – гаворыцца ў заяве Суду.
Аднак, ужо ў часе першага слуханьня, пасьля зачытаньня ёй 9-ці пунктаў
абвінавачаньня, Плавсіч заявіла:
(Плавсіч: ) “Шаноўны Суд, я азнаёмілася з абвінавачаньнем учора, зразумела
яго поўнасьцю і заяўляю, што я не вінаватая па ўсіх пунктах”.
Ейнае дабраахвотнае зьяўленьне ў Гаазе выклікала здагадкі, што існуе
нейкая сакрэтная дамова паміж абвінавачанай і Судом; што наўзамен за паказаньні
супраць іншых лідэраў, Плавсіч спрабуе зьмякчыць прысуд супраць сябе. Аднак
адвакат Крсьцін Сіміч запэўніў, што ягоная кліентка проста хоча ачысьціць
сваё імя:
(Сіміч: ) “З поўнай адказнасьцю хачу пацьвердіць, што спадарыня Плавсіч
вырашыла дабраахвотна стаць перад судом бяз аніякіх умоваў. Не было ніякіх
гутарак наконт дамовы паміж ёю і прадстаўнікамі Трубуналу”.
Варта адзначыць, што Більяна Плавсіч, 70-цігадовая біёляг з басьнійскага
гораду Тузля, ужо раней зьдзіўляла неспадзяванымі зьменамі пазыцыі. У часе
вайны ў гадох 92-95 яна была адным з найбольш кансэрватыўных нацыяналістычных
лідэраў басьнійскіх сэрбаў і блізкім супрацоўнікам Радавана Караджыча.
Потым пачала дыстанцыявацца ад ультра-нацыяналістаў, пайшла на некаторае
супрацоўніцтва з Захадам і ў гадох 96-98 стала прэзыдэнтам Сэрбскай Рэспублікі
ў Босьніі. У адпаведнасьці з мірнымі Дэйтанаўскімі пагадненьнямі яна абяцала
дазволіць этнічным музульманам і харватам вярнуцца ў свае дамы, аднак сваё
абяцаньне ня выканала. Незважаючы на падтрымку з боку ЗША, у 98-м годзе
Плавсіч прайграла на выбарах, і ейнае месца заняў яўны нацыяналіст і праціўнік
якога-небудзь вяртаньня нясэрбаў Мікола Поплашэн.
Суд над Більянай Плавсіч толькі пачынаецца. Галоўны пракурор Міжнароднага
трыбуналу адзначыла, што дабраахвотная здача Більяны Плавсіч – найлепшае
для яе выйсьце з сытуацыі. Карля дэль Понтэ заклікала таксама Радавана
Караджыча, генэрала Ратко Младзіча, а таксама іншых, каго трыбунал абвінавачвае
ў ваенных злачынствах, зрабіць гэтак жа.
Кастусь Бандарук, Прага
Самае папулярнае
1