Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Беларусь ці не апошняя ў Эўропе асвойвае мабільную тэлефонную сувязь. Цяпер крыху больш за 40 000 чалавек (гэта менш за 0,5% ад насельніцтва краіны) карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі.

Апошнім часам шмат чутак, што ў Беларусі хутка зьявіцца другі апэратар мабільнай лічбавай сувязі стандарту GSM. Але калі гэта і адбудзецца, працаваць новы апэратар зможа не раней за красавік 2002 году — менавіта да гэтага тэрміну Міністэрства сувязі гарантавала эксклюзіўныя правы на паслугі цяперашняму манапалісту — СП "Мабільная лічбавая сувязь".

Запозьненае разьвіцьцё ў Беларусі высокіх тэхналёгіяў абумоўленае перш за ўсё нерэальна завышанымі коштамі на аналягавыя паслугі.

У жніўні 1999 году, калі гандлёвая марка "VELKOM" упершыню зьявілася на беларускім рынку, кошт тэлефону з падключэньнем набліжаўся да 1 000$. Летась гэта лічба складала каля 700$. Зараз паслуга каштуе каля 300$ — кошт вышэйшы ня толькі за сярэднеэўрапейскія, але і за кошты паслугі ў бліжэйшых суседзяў (Польшчы, Літвы і нават Расеі).

Адсутнасьць канкурэнцыі дазваляе гандлярам трымаць гэткія кошты, не зважаючы на высокі попыт. Сытуацыю камэнтуе віцэ-прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў Міхаіл Шавельзон.

(Шавельзон: ) "У звычайнай краіне, дзе ёсьць канкурэнцыя, такое становішча не зразумелае. Прынамсі, антыманапольны камітэт ніколі б не падпісаў дамовы наконт права на эксклюзіўныя паслугі.

У нас сытуацыя нестандартная; інвэстыцыі ідуць зусім дрэнна. Міністэрствы хадайнічаюць перад урадам, каб той даў гарантыі, што год-два манапалісту ня будзе створана канкурэнцыі.

Але тут пытаньне такое: чаму вы ўпэўненыя, што не прыйшлі б іншыя? Стварыце ўмовы, перастаньце запалохваць — і прыйдуць 200 фірмаў! Але такія дамовы ўзгадняюцца ў Адміністрацыі прэзыдэнта; ніхто з чыноўнікаў асобна ня ўзяў бы на сябе такой адказнасьці”.

У Нямеччыне дзеля прыцягненьня кліентаў самыя сучасныя мадэлі прапануюццца часам за 1 марку, альбо нават бясплатна; у Чэхіі — за 100 кронаў (3$), у Польшчы — за 5 злотых (крыху больш 1$), у Расеі гэты кошт таксама сымбалічны. На пераднавагоднім жа распродажы ў Менску самыя простыя тэлефоны каштавалі 99 000 рублёў, а гэта больш за 80$.

І чакаць рэальнай зьмены сытуацыі, мяркуючы па пазыцыі Міністэрства сувязі, не даводзіцца. Зьяўленьне ж рэальнай альтэрнатывы абумоўлена ня толькі эканамічнымі мажлівасьцямі, але й зацікаўленасьцю ўладных структураў. Дастаткова нагадаць, што прыход у Беларусь першага апэратара сотавай сувязі, прадпрыемства "Белсел", адбыўся толькі пасьля забесьпячэньня тэлефонамі адміністрацыі Лукашэнкі: каля тысячы бясплатных тэлефонных апаратаў зрабіліся гарантыяй працы на рынку новых паслугаў. Адпаведны "ўнёсак" быў і для Міністэрства сувязі.

Днямі намесьнік міністра сувязі Ўладзімер Карповіч выказаў меркаваньне, што праз 5 гадоў колькасьць карыстальнікаў мабільнай сувязьзю ў Беларусі перавысіць 250 000 чалавек (праўда, і гэта толькі 4% ад усяго насельніцтва). Ці магчыма гэта зрабіць у краіне, дзе няма дзеля гэтага аніводнай падставы, дзяржаўны чыноўнік не ўдакладніў.

Ігар Карней, Менск

XS
SM
MD
LG