Пра тое, як Польшча захавала жыцьцё забойцу з Беларусi, расказвае наш
варшаўскі карэспандэнт.
Што з Беларусi ў Польшчу людзi прыяжджаюць каб падзарабiць – гэта, вядома,
не навiна. Ня раз чуў ад суайчыньнiкаў задаволенасьць i падзяку Богу за
тое, што Польшча побач... Так, працуюць тут землякi – часам легальна, а
найбольш, як гавораць у Польшчы, „на чарно”, гэта значыць нелегальна. Што
за ўмовы ў адных і другіх – размова асобная... Але каб Польшча ацалiла
жыцьцё грамадзянiну з Беларусi, якi тут, на польскай тэрыторыi, забiў чалавека,
– гэта сапраўды выпадак незвычайны.
Саракагадовы Мiкола разам з суайчыньнiкам Уладзiмерам працаваў – i пры
тым легальна – на будоўлi гмаху Галоўнай Школы Сельскагаспадарчай Эканомiкi
ў Варшаве. Фiрма, што наняла iх, сур’ёзная, абодва нядрэнна зараблялi.
У красавiку пазалетась мелi чарговы адпачынак, якi вырашылi адзначыць.
Што там памiж iмi распалiлася пад час выпiўкi – невядома. Але былi i сварка,
i бойка. На вачах iншых удзельнiкаў алкагольнай iмпрэзы Мiкола забiў нажом
Уладзiмiра. Забойцу арыштавалi, пачалося сьледзтва...
Калi ўсе доказы былi сабраныя, польскае мiнiстэрства юстыцыi зьвярнулася
да беларускiх уладаў з прапановай перадаць забойцу, каб яго судзiлi на
радзiме, тым больш, што ён забiў суайчыньнiка. Разам з тым, згодна з заходнiмi
правiламi экстрадыцыi, Польшча папрасiла гарантаваць, што беларус ня будзе
пакараны сьмерцю. Адказ прыйшоў даволi хутка. Беларусь па-сутнасцi адмовiлася
ад свайго грамадзянiна, паколькi – i гэта было падкрэсьлена – не магла
абяцаць, што ня будзе сьмяротнага пакараньня.
I гэтая акалiчнасьць вызначыла далейшы лёс Мiколы: яго будуць судзiць
у Польшчы, дзе няма пакараньня сьмерцю, i тут ён будзе сядзець у турме,
магчыма, пажыцьцёва. Калi атрымае iншы тэрмiн, магчыма, яшчэ дачакаюцца
яго ў роднай вёсцы жонка i двое дзяцей. Судзiць Мiколу будуць у лютым.
Як сьведчыць Amnesty International, дадзеныя адносна сьмяротнага пакараньня
ў Беларусi – гэта дзяржаўная таямнiца. У жнiўнi мiнулага году старшыня
Вярхоўнага суда Беларусi Валянцiн Сукала паведамiў, што ў першым паўгодзьдзi
1999 году былі пакараныя сьмерцю 29 чалавек.
Сямён Букчын, Варшава
Самае папулярнае
1