Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У нарвэскай газэце Aftenposten пад назвай “Чалавек, які стаяў за распадам Савецкага Саюзу” зьявілася інтэрвію са Станіславам Шушкевічам.

Гэтымі днямі спаўняецца дзесяць гадоў, як набрало сілы супрацьстаяньне балтыйскіх краінаў Савецкаму Саюзу. Mасква прымала захады, а сьвет пратэставаў. Гэта быў пачатак канца звышдзяржавы. Карэспандэнт газэты «Aftenposten» сустрэўся з адной з ключавых постацяў тых драматычных падзеяў, якія зьмянілі сьвет.

Калі Станіслаў Шушкевіч у сьнежні 1991 году сустрэўся з Барысом Ельцыным і Леанідам Краўчуком, яны зьбіраліся абмяркоўваць нейкія звычайныя праблемы. А выйшла так, што яны пахавалі Савецкі Саюз.

Гальвар Хьён
Карэспандэнт «Aftenposten»
Менск, Беларусь

Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч адыграў у ХХ стагодзьдзі ролю, якая, магчыма, была наканаваная некаму іншаму: 8 сьнежня 1991 году ён разам з расейскім лідэрам Барысом Ельцыным і украінскім прэзыдэнтам Леанідам Краўчуком падпісаў дакумэнт, які падвёў апошнюю рысу пад Савецкім Саюзам.

«Савецкі Саюз як геапалітычная рэальнасьць спыняе сваё існаваньне», — было сказана ў славутай заяве кіраўнікоў трох славянскіх рэспублік Савецкага Саюзу. Гэтая фармулёўка заклала юрыдычную падставу для сыходу ў магілу найбольшай у гісторыі сьвету імпэрыі.

Саюзнаму прэзыдэнту Міхаілу Гарбачову не заставалася нічога іншага, як сыйсьці ў адстаўку. Савецкі сьцяг быў спушчаны з Крамля 25 сьнежня, праз 17 дзён пасьля таго, як Шушкевіч, Ельцын і Краўчук паставілі свае імёны пад тым, што ў Расеі завецца «Белавескім пагадненьнем», а на Захадзе часта згадваецца як «Менскае пагадненьне».

На час узьнікненьня Белавескага пагадненьня Станіслаў Шушкевіч быў старшынёю Вярхоўнага Савету Беларусі, такім чынам ён стаўся першым кіраўніком незалежнай Беларускай Дзяржавы.

Пасьля таго, як у 1994 годзе прэзыдэнтам Беларусі стаў аўтарытарны Аляксандар Лукашэнка, Шушкевіч, як і іншыя дэмакратычныя палітыкі, страціў большую частку тых уплываў, якія ён меў дзесяць гадоў таму. Але калі сустракаеш гэтага 64-гадовага чалавека сёньня, ён ні ў якім разе не выглядае як палітык мінуўшчыны; поўны энэргіі, ён узначальвае апазыцыйную Сацыял-Дэмакратычную Партыю і цьвердзіць, што вымушаны весьці барацьбу з рэжымам Лукашэнкі пакуль будзе жывы.

ГХ: Ці разумелі Вы, падпісваючы Белавескае пагадненьне, якое вялікае значэньне маюць тыя подпісы?

СШ: Адказ вельмі просты: Не! Мы збольшага разумелі значэньне таго, у чым мы прымалі ўдзел. Але сказаць, каб мы былі уражаныя ці натхнёныя значнасьцю той падзеі — хіба што не. Мы проста зрабілі тое, што мусілі зрабіць. І — калі сказаць праўду — было так, што мы не сабраліся на той урадавай дачы ў Белавескай Пушчы, каб распусьціць Савецкі Саюз. Галоўная прычына была ў тым, што Леанід Краўчук і я хацелі сустрэцца зь Ельцыным, каб угаварыць расейцаў не сьпяшацца так моцна з рынкавай эканомікай, бо нерасейскія рэспублікі літаральна стаялі перад эканамічнай катастрофай. Людзі, якія ажыцьцяўлялі зьмены ў Расеі, Ягор Гайдар і яго каманда, былі выдатныя асобы, хоць можа й крыху занадта рамантыкі. Дык вось, мы мусілі абмеркаваць некаторыя агульныя праблемы, таму й сустрэліся.

Аднак, калі мы сустрэліся, мы зразумелі, што мусім пайсьці далей, чым сьпярша плянавалася. У першы вечар не было падрыхтавана ніводнага дакумэнту або заявы. Мы толькі прагаласавалі за адзіны сказ і аднагалосна вырашылі: «СССР як геапалітычная рэальнасьць спыняе сваё існаваньне».

Мы спэцыяльна вырашылі не ўжываць форму мінулага часу «спыніў сваё існаваньне»». Мы напісалі «спыняе», проста таму, што гаворка была пра канстатацыю факту.

А калі ўсе астатнія пытаньні былі вырашаныя, была падрыхтаваная заява. Яшчэ й сёньня, калі я час ад часу дастаю яе з шуфляды, мяне ўражвае, як добра ўсё было прадумана. Мы заявілі, што збройныя сілы Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў мусяць быць супольныя, і мы гарантавалі захаваньне кантролю над ядзернай зброяй. Інакш і быць не магло.

ГХ: Такім чынам, Вы кажаце, што заява аб роспуску Савецкага Саюзу не плянавалася. Аднак, калі вы сабраліся, яна так ці інакш ужо мусіла ляжаць у Ельцынавай кішэні?

СШ: Не. Пра нешта такое нават гаворкі не было. З тэхнічнага боку ўсё было зроблена вельмі проста. Калі мы зразумелі, чаго ж мы ўсе разам урэшце хочам, мы вырашылі, што трэба скласьці нейкую заяву. Рабочая група атрымала даручэньне выпрацаваць заяву на працягу ночы. Раніцай мы перапрацавалі яе пункт за пунктам. Мы працавалі няспынна цэлы дзень і некаторыя разьдзелы прайшлі па некалькі разоў. Увечары заява ва ўсёй сваёй цэласьці была падпісаная. Гэта было зроблена так хутка, бо гаворка ня йшла пра нейкае абавязковае для выкананьня юрыдычнае пагадненьне, а проста пра заяву, нешта накшталт дэклярацыі аб намерах.

Вось так усё і адбылося. Усе гэтыя пазьнейшыя апавяданьні пра тое, што мы селі, напіліся і напісалі заяву — усё гэта, вядома ж, лухта. Нейкія ўкраінцы пісалі нешта такое. Наколькі я памятаю, тыя ўкраінцы былі ня разам з намі, а сядзелі ў гатэлі крыху наводдаль.

Цікава таксама зазначыць, што група журналістаў гадзіну таму задала абсалютна ідэнтычнае пытаньне адпаведна Леаніду Краўчуку і мне — што ж адбылося ў Белавескай Пушчы? Цікава, што нашыя апісаньні падзеяў розьніліся толькі ў адной дэталі, а менавіта калі ў нас спыталіся — хто знайшоў фармулёўку «СССР як геапалітычная рэальнасьць спыняе сваё існаваньне». У мяне было ўражаньне, што фармулёўку запрапанаваў Генадзь Бурбуліс. А Краўчук сказаў, што гэты сказ першы прамовіў ён.

ГХ: І Вы сапраўды думаеце, што гэта быў Бурбуліс?

СШ: Пазьней я раз спытаўся ў Бурбуліса, калі мы разам давалі некаму інтэрвію. Ён сьцьвердзіў, што сказ сфармуляваў ня ён. Што гэта быў і ня я, дык гэта дакладна.

ГХ: Калі прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў сыйшоў у адстаўку 25 сьнежня 1991 году, ці было гэта для Вас сюрпрызам?

СШ: Не. Я ведаў, што Гарбачоў не рыхтуе ніякага энэргічнага супраціву. Гэта было відавочна. Калі Гарбачоў прыйшоў да ўлады ў сярэдзіне 80-х, я яго проста абагаўляў. Але пасьля я яго зьненавідзеў; гэта адбылося пасьля ягонага выступу 8 траўня 1986 году, празь некалькі тыдняў пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Ён выступіў як непісьменны і некультурны чалавек. У той час я кіраваў Інстытутам ядзернай фізыкі і ведаў, што такое радыяактыўнае выпраменьваньне. Менавіта Гарбачоў вінаваты ў тым, што наступствы Чарнобылю былі для нас такія жахлівыя. Я ніяк не магу забыцца пра ўсіх тых памерлых дзяцей. Ніхто іншы не вінаваты гэтулькі, як ён. Ён сказаў: «Нічога ня здарылася, усё ў парадку». У самой Расеі наступствы не былі такія страшныя. Але на Беларусь апусьцілася 70% усіх радыяактыўных ападкаў.

Гарбачоў дзейнічаў у адпаведнасьці са старой Гегелевай максымай: палітыкі дзейнічаюць не паводле навукі, а насуперак ёй. І гэтае пярэчаньне навуцы каштавала шматлікіх жыцьцяў. Уласна кажучы, не магло быць і гаворкі, што нехта нешта ня ведаў. У Расеі дастаткова разумных людзей, каб за дзьве-тры гадзіны зразумець, што здарылася, і ўжыць неабходныя захады.

ГХ: Давайце, Станіслаў Станіслававіч, вернемся назад да Белавескай Пушчы. Якое ўражаньне зрабіў тады на Вас Ельцын?

СШ: Ён паводзіў сябе надзвычай прыстойна! Ён быў прыстойны чалавек. Пазьней яго сапсавалі ў Крамлі. Ельцын адрозьніваўся ад усіх іншых рэспубліканскіх кіраўнікоў тым, што ніколі не лаяўся. Мы ў той раз вельмі шмат прабылі разам. Сёньня, калі ён ужо не прэзыдэнт, я магу расказаць: ён быў такі п’яны, што ня мог выступіць на прэсавых канфэрэнцыях. Я двойчы выступаў на прэсавых канфэрэнцыях замест яго. Але й пасьля гэтага Ельцын мне ўсё адно падабаўся. Ён быў гэткі нястрымны расеец. Новы расейскі прэзыдэнт і блізка да яго не дастае. Пуцін мае спэцыфічную харызму агента. А Ельцын быў царом; самаўладным і наравістым. Я свайго часу папракаў Ельцына за тое, што ён не чытаў як сьлед клясычную расейскую літаратуру. Калі б чытаў, дык ніколі б не палез у Чэчэнію. Але я баюся, што гэты агент зусім нічога не чытаў. Можа, ён чытаў літаратуру ў тым аб’ёме, што і іншыя агенты, у скарочаным канспэкце...

ГХ: Ці, на Вашу думку, распад Савецкага Саюзу быў непазьбежным працэсам?

СШ: Вядома. Гэта было заканамерна. Расея таксама распадзецца , калі будзе паводзіць сябе падобным чынам. Ёсьць стары афарызм, што краіна, якою не кіруюць, распадаецца. Што кіраваць Савецкім Саюзам стала немагчымым, было цалкам відавочна. Колькі б Гарбачоў ні выступаў з палымянымі прамовамі.

ГХ: Калі Вы сёньня азіраецеся на тыя падзеі, ці думаеце пра тую гістарычную ролю, якую самі адыгралі?

СШ: Не. Я не гісторык, я — фізык. Трэба было гэта зрабіць, і я зрабіў. Я ня той, хто выдае сябе за некага іншага, чым я сам. Тое, што мы зрабілі, было проста добра зроблена.

ГХ: Аднак ці Вы разумелі, што ў той час сьвет стаяў на раздарожжы?

СШ: Так, наагул мы гэта разумелі. Я разумеў, што адбылося. Але калі б мне за паўгоду да таго хто-небудзь сказаў, што я прыйму ўдзел у роспуску СССР, я б не паверыў. Бо я вырас у Савецкім Саюзе і я ганарыўся гэтай краінай. Я ганарыўся краінай нягледзячы на тое, што бальшыня маіх родных былі вывезеныя ў Сыбір. Мой бацька правёў там 20 гадоў. Калі ён вярнуўся, ён сказаў мне: «Кепская тут не ідэя. Ідэя добрая. Агідныя тыя, хто праводзіць гэтую ідэю ў жыцьцё». Калі быць шчырым, я мушу прызнацца: мне й самому было вельмі цяжка прызнаць, што нешта не ў парадку было з самой камуністычнай ідэяй.

Пераклаў

Сяргей Шупа

XS
SM
MD
LG