Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Адбылося паседжаньне Каардынацыйнае рады галіновых прафсаюзаў. Прадстаўнікі Фэдэрацыі абмеркавалі падрыхтоўку да акцыі пратэсту, заплянаванай на 14 лютага.

Лідэры галіновых прафсаюзаў на сёньняшнім паседжаньні Каардынацыйнае рады пацьвердзілі надзённасьць акцыі пратэсту. Гэтая акцыя была ініцыяваная летась Трэцім зьездам Фэдэрацыі, які канстатаваў, што ў Беларусі працягваецца зьбядненьне працоўных.

Адказнасьць за сацыяльна-эканамічную дэградацыю краіны дэлегаты ўсклалі на цяперашнія ўлады й прагаласавалі за тое, каб лідэры прафсаюзаў зарганізавалі сёлета акцыю пратэсту супраць эканамічнага курсу А.Лукашэнкі.

Якой мусіць быць згаданая акцыя — гэтае пытаньне якраз і стаяла перад сябрамі прафсаюзнае Каардынацыйнае рады. Вось што паведаміў нашаму радыё адзін з удзельнікаў сёньняшняга паседжаньня, намесьнік старшыні Фэдэрацыі Мікола Беланоўскі:

(Беланоўскі: ) "Акцыя пратэсту, па рашэньні прэзыдыюму Фэдэрацыі, будзе праходзіць у форме мітынгу ў Менску. Мы прапануем некалькі месцаў для правядзеньня мітынгу, бо мы лічым, што ў зімовы час плошча Бангалор — варыянт непрымальны, яна далёка ад транспарту і агульнага месца жыхарства людзей. Працоўныя калектывы кажуць, што накіроўваць іх на Бангалор — абраза для іхных выказваньняў пра сваё месца ў грамадзтве".

(Стэльмак: ) "Пад якім лёзунгам будзе праходзіць гэтая акцыя?"

(Беланоўскі: ) "Лёзунг у нас застаўся пакуль што ранейшы: заробак на ўзровень коштаў. Бо ўсе жыхары рэспублікі адчулі, што размовы пра тое, што кошты рэгулююцца, што яны не такія высокія, — беспадстаўныя. Усе бачаць, што робіцца з коштамі. І мы паставілі адно пытаньне — калі кошты такія ідуць ад улады, калі ласка, дайце магчымасьць людзям зарабіць гэткі самы заробак, каб яны маглі выжыць і пракарміць сваіх дзяцей".

Ня выключана, што мяркуемая акцыя пратэсту ў дзень правядзеньня папоўніцца палітычным зьместам. Рэч у тым, што напярэдадні абвешчанага мітынгу заплянаваны пленум Фэдэрацыі, дзе ейныя актывісты зьбіраюцца агучыць сваё стаўленьне да маючых адбыцца ў краіне прэзыдэнцкіх выбараў.

Больш за тое, вельмі верагодна, што Фэдэрацыя абвесьціць імя прафсаюзнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі. Ужо зараз у прафсаюзных колах такім кандыдатам называюць Уладзімера Ганчарыка. Кандыдатура Ганчарыка апярэджвае іншых прафсаюзных лідэраў і паводле вынікаў нядаўняга сацыялягічнага апытаньня, праведзенага Фэдэрацыяй у працоўных калектывах.

Вось што кажа яшчэ адзін удзельнік сёньняшняга паседжаньня Каардынацыйнае рады, старшыня прафсаюзу “Аўтасельгасмашу” Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Абмяркоўваецца некалькі кандыдатураў, але, як я мяркую, найбольш уплывовая і верагодная — гэта кандыдатура Ганчарыка. У працоўных калектывах шмат хто зьвязвае сёньняшнія беды краіны з асобаю Аляксандра Лукашэнкі.

Вялікая частка працоўных перакананая, што зь ім Беларусь ня мае будучыні. Такое будучыні, пры якой рабочыя б атрымлівалі заробкі, якія дазвалялі б ім жыць годна, а не як сёньня — у галечы. Таму не выклікае сумневу той факт, што прафсаюзы ня будуць падтрымліваць Лукашэнку”.

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG