Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Няўдалая спроба захопу закладніка ды вымаганьня выкупу. Бандыты, сярод якіх адказная супрацоўніца банку, патрабавалі больш за 100 000 даляраў.

У Петрыкаве Гомельскай вобласьці днямі быў вызвалены навучэнец прэзыдэнцкай Акадэміі кіраваньня, якога бандыты захапілі ў палон.

Захоп адбыўся ў Менску яшчэ напярэдадні каталіцкіх Калядаў. Паводле зьвестак Упраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС, выкраданьне з мэтаю атрымаць выкуп арганізавала жанчына.

Сьледчыя былі ўражаныя вялізнай сумай, якую вымагальнікі запатрабавалі ў сваякоў ахвяры — больш за 100 000 даляраў. Таксама вартыя ўвагі зьвесткі пра сацыяльны статус сваякоў ахвяры. Бацька захопленага ў палон студэнта 2-га курсу прэзыдэнцкай Акадэміі кіраваньня афіцыйна лічыцца беспрацоўніым, а згодна зь неафіцыйнымі зьвесткамі, мае дачыненьне да адной з галінаў ценявога бізнэсу — апэрацыяў па абмене валюты на чорным рынку.

Праўдзівай выглядае вэрсія міліцыі, згодна зь якой да выкраданьня мае дачыненьне намесьніца кіраўніка валютнага дэпартамэнту аднаго з найбуйных камэрцыйных банкаў Беларусі. Маўляў, яна мела дакладныя зьвесткі пра фінансавае становішча сям'і студэнта Акадэміі і навяла злачынцаў менавіта на яго. Міліцыя сьцьвярджае, што гэтая асоба, а таксама яе сын-рэцыдывіст ужо арыштаваныя. Між тым, у банку не пацьвярджаюць факту затрыманьня сваёй супрацоўніцы.

Акадэмія кіраваньня была ўтвораная неўзабаве пасьля абраньня А.Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі і даволі хутка ягонымі намаганьнямі пераўтварылася ў “прыдворную” навучальную ўстанову. Значная колькасьць навучэнцаў Акадэміі — дзеці высокага чынавенства ці вельмі заможных асобаў, якія могуць плаціць немалыя грошы за навучаньне.

Студэнты Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце не ўпершыню аказваюцца ўцягнутымі ў “разборкі” крымінальнага характару. Толькі летась адбыліся прынамсі тры гучныя скандалы зь іхным ўдзелам. Нагадаю, мінулай восеньню студэнт факультэту мэнэджменту Акадэміі быў засуджаны за забойства двух чалавек, а раней на лаву падсудных сеў студэнт-завочнік, які працаваў у пракуратуры Кастрычніцкага раёну Менску.

І вось цяпер студэнт Акадэміі зрабіўся ахвярай такога рэдкага ў Беларусі злачынства, як захоп закладніка. Прычым, сьледзтва не выключае, што ягоная роля ў гэтай цёмнай пакуль гісторыі можа стаць і іншай.

Варта таксама згадаць, што літаральна тры месяцы таму А.Лукашэнка наведваў Акадэмію кіраваньня і казаў пра яе як пра “флягман сярод вышэйшых навучальных установаў”, дзе вучацца “лепшыя зь лепшых”.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG