Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У бліжэйшыя гадзіны высьветліцца лёс беларускага бюро Расейскай телерадыёкампаніі. Сёньня ўвечары ў Менск прыляцелі афіцыйныя прадстаўнікі РТР. Яны мусяць назваць імя новага карэспандэнта тэлеканалу ў Беларусі. Нагадаем, што адначасовая зьмена сваіх беларускіх карэспандэнтаў адразу двума тэлеканаламі – РТР і НТВ – спарадзіла вэрсію, што гэта робіцца пад націскам беларускіх уладаў. Наш маскоўскі карэспандэнт у неафіцыйных размовах з прадстаўнікамі расейскіх тэлеканалаў спрабаваў высьветліць абгрунтаванасьць гэтай вэрсіі.

Прадстаўнікі РТР і НТВ у афіцыйных камэнтарах ужо абверглі палітычную вэрсію кадравых зьменаў на сваіх беларускіх карпунктах. Спробы атрымаць камэнтар з іншых крыніцаў вызначылі адну паказальную дэталь – ўсе мае суразмоўцы згаджаліся размаўляць выключна на ўмовах ананімнасьці.

Адзін з адказных супрацоўнікаў РТР заявіў: “Гэта выключна прафэсійныя справы. Лена Лукашэвіч працуе добра, але нам патрэбная яшчэ лепшая праца. Не было ніякага ціску з боку ўладаў Беларусі. Ды ўвогуле, спадарыня Лукашэвіч ніколі не вызначалася крытычным стаўленьнем да Лукашэнкі. Усе зьмены ёсьць нашай уласнай ініцыятывай. Можаце спытаць і прэс-сакратара беларускага прэзыдэнта. Ён гэта пацьвердзіць".

Дзіўна было пачуць з вуснаў аднаго з кіраўнікоў тэлеканалу такую дасьведчанасьць у тым, што можа сказаць прэс-служба прэзыдэнта. Гэта можа сьведчыць пра адно – усе кадравыя зьмены кіраўніцтва РТР узгадняла з беларускімі ўладамі на самым высокім узроўні.

Магчыма менавіта таму да апошняга трымаецца ў таямніцы асоба будучага карэспандэнта. Нават учора ўвечары ніхто з маіх суразмоўцаў на канале не назваў ягонага прозьвішча. Было сказана толькі тое, што гэта чалавек, які раней працаваў у Маскве.

Больш вызначаная сытуацыя з карэспандэнтам НТВ. Супрацоўнік НТВ, што мае шчыльнае дачыненьне на карэспандэнцкай сеткі каналу, выказаў (зноў жа на умовах ананімнасьці) такі пункт погляду. “На маю думку, – зазначыў ён, – кіраўніцтва каналу жадае мець пад час прэзыдэнцкіх выбараў сьвежы погляд на сытуацыю ў Беларусі, чалавека, які б трымаў дыстанцыю ад абодвух бакоў".

Пра новага карэспандэнта НТВ Паўла Селіна вядома няшмат. Апошнія некалькі год ён працаваў уласным карэспандэнтам каналу па Цэнтральнай Расеі. Аднак, як зазначыў мой другі суразмоўца на НТВ, адсутнасьць нейкай адметнасьці і ёсьць найлепшай характарыстыкай для гэтага карэспандэнта. Гэтую думку ён абгрунтаваў так: "Калі б канал меў інтарэс згуляць адназначна супраць Лукашэнкі ці супраць апазыцыі, ён бы даслаў у Беларусь моцнага прафэсіянала з маскоўскай каманды, а не карэспандэнта так бы мовіць другога эшалёну".

На думку прадстаўніка НТВ, новы карэспандэнт у сваіх паводзінах будзе падобны на свайго папярэдніка Аляксандра Калпакова. “Вы памятаеце, – зазначыў мой суразмоўца, – што Калпакоў прыехаў у Менск таксама з расейскае правінцыі і вельмі трымаўся за сваё месца. Таму ён быў, па-першае, абсалютна кіруемы з Масквы, і, па-другое, імкнуўся не рабіць нічога, што магло б ускладніць ягонае існаваньне ў Беларусі”.

Віктар Дзятліковіч, Масква

XS
SM
MD
LG