Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Беларускія настаўнікі не дачакаліся афіцыйнай рэакцыі ўраду на свой пратэст супраць зьбядненьня. Нагадаем, у сьнежні 168 000 прадстаўнікоў адукацыі запатрабавалі ад уладаў паляпшэньня сваіх сацыяльна-эканамічных умоваў.

Тэрмін для ўрадавага адказу на патрабаваньні настаўнікаў скончыўся ў суботу 6 студзеня. Гэтую дату прызначыў прэм’ер-міністар Ярмошын, якога месяц таму лідэры прафсаюзаў адукацыі азнаёмілі з вынікамі кампаніі пратэсту пэдагогаў супраць зьбядненьня.

Пратэст падтрымалі 168 000 настаўнікаў. Падчас сустрэчы Ўладзімер Ярмошын паабяцаў, што Савет міністраў разгледзіць афіцыйны зварот і своечасова на яго адрэагуе. А вось што паведаміла сёньня нашаму радыё старшыня Рэспубліканскага прафсаюзу адукацыі Тамара Чобатава:

(Чобатава: ) "Мы не атрымалі адказу, хаця ў Саўміне мне сёньня сказалі, што гэтае пытаньне абмяркоўвалася напярэдадні новага году. Ня выключана, што адказ мы атрымаем у найбліжэйшы час. Бо ім цікавімся ня толькі мы, але найперш самі пэдагогі. Яны вельмі разьлічваюць на пазытыўныя крокі ў справе матэрыяльнага становішча настаўнікаў".

Паводле словаў Т.Чобатавай, нядаўняе падвышэньне заробкаў працаўнікам бюджэтнай сфэры ня мела істотнага ўплыву на сытуацыю ў сфэры адукацыі. Як зараз высьвятляецца, гэтае рашэньне ўладаў тычыцца ня ўсіх пэдагогаў. І таму пакрыўджаная частка настаўнікаў абураецца такой сацыяльнай палітыкай.

Гаворыць намесьніца старшыні Менскага прафсаюзу адукацыі Ніна Еўтух:

(Еўтух: ) "Зараз званілі з Савецкага райана, і там работнікі атрымалі заробак хто 12, а хто 19 — самае большае — тысячаў. Яны там выказваюць думку, што трэба ўжо нешта рабіць. Ім і заробак нават не далі да 1-га чысла, далі каму 3-га, каму 5-га — грошай не было зусім у горадзе".

Не задаволеныя аплатай і гарадзенскія настаўнікі. Вось што паведаміла сёньня нашаму радыё лідэрка Гарадзкога прафсаюзу адукацыі Данута Макей:

(Макей: ) "Перад Новым годам нашы настаўнікі вельмі спадзяваліся на тое, што будзе выплачаная матэрыяльная дапамога. На гэта ж нават арыентавалі нас і мясцовыя ўлады, мэр гораду сказаў: шукаем сродкаў, і нашы бугальтэрыі аддзелу адукацыі падрыхтавалі нават ведамасьці… Але ж не падпісана гэта было кіраўніком дзяржавы А.Лукашэнкам, як стала пазьней вядома. Настаўнікі робяць выснову, што калі прэзыдэнт ня даў блаславеньня нават на матэрыяльную дапамогу, якая павінна быць выплачана, дык, мабыць, кепскія справы ў краіне".

Лідэрка Гарадзенскага прафсаюзу адукацыі Д.Макей паведаміла, што ў Горадні ў прафсаюзныя камітэты дагэтуль паступаюць сьпісы пэдагогаў, якія далучаюцца да ранейшых падпісантаў.

Прафсаюзныя лідэры сьцьвярджаюць, што далейшыя дзеяньні настаўнікаў будуць залежаць ад зьместу ўрадавага адказу. Як толькі ён будзе атрыманы, мяркуецца склікаць паседжаньне прэзыдыюму Рэспубліканскага камітэту настаўніцкага прафсаюзу.У выпадку адмовы Саўміну задаволіць патрабаваньні пэдагогаў, прафсаюзы маюць намер уступіць зь ім у калектыўную працоўную спрэчку.

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG