Вядомае ў Наваполацку Аб’яднаньне культурна-асьветніцкіх ініцыятываў
“Усяслаў Чарадзей” пазбавілася прытулку. На загад мясцовых уладаў яно мусіць
вызваліць памяшканьне, якое да апошняга часу займала.
Праблемы ў згаданага аб’яднаньня пачаліся ў ноч з 12 на 13 сьнежня летась,
калі ягоны офіс быў абрабаваны, прычым зламысьнікі ўбіліся ў памяшканьне
з дапамогай ключоў і выкралі тры кампутары ды іншыя каштоўныя рэчы. Кіраўнік
аб’яднаньня Васіль Храмцоў адразу зьвярнуўся ў міліцыю, і тая, нібыта,
пачала шукаць крадзенае. А пасьля трох тыдняў пошукаў у офіс завітаў участковы
міліцыянт і загадаў да 10 студзеня вызваліць памяшканьне, бо, паводле прэзыдэнцкага
дэкрэту, грамадзкія арганізацыі ня маюць права ладзіць свае офісы ў жыльлёвым
сэктары. На пытаньне, чаму ж іншыя грамадзкія арганізацыі займаюць плошчы
ў жыльлёвым сэктары, і ніхто іх не чапае, участковы міліцыянт патлумачыў,
што высяленьне ўчыняецца з санкцыі кіраўніка гарадзкой адміністрацыі Аляксандра
Камарова.
Аб’яднаньне “Усяслаў Чарадзей” было занаванае ў сакавіку 1998 году і
шмат паспрыяла разьвіцьцю нацыянальнай культуры ў горадзе – тут ладзіліся
сэмінары і сходы, працаваў нацыянальны ўнівэрсытэт гісторыі і паліталёгіі,
былі арганізаваныя кампутарныя курсы, выдаваўся штомесячны інфармацыйны
бюлетэнь “Дзяньніца”, а таксама шэраг іншых выданьняў. Апроч таго “Усяслаў
Чарадзей” аказваў падтрымку нацыянальным суполкам, што дзеюць у заходняй
частцы Віцебскай вобласьці.
Камэнтуючы захады ўладаў, спадар Храмцоў адцеміў, што беларускім арганізацыям
апошнім часам нельга займаць памяшканьні ня толькі ў жыльлёвым сэктары,
але і ў грамадзкім. Так, мясцовая вэртыкаль забяраняе палацам культуры
здаваць у арэнду памяшканьні для правядзеньня імпрэзаў, якія ладзіць “Усяслаў
Чарадзей”, а таксама забараняе адміністратарам гатэляў разьмяшчаць гасьцей,
што прыяжджаюцьц на імпрэзы.
Паказальны ў гэтым сэнсе лёс гарадзкога цэнтру нацыянальнай культуры,
які быў заснаваны 7 год таму і меў на мэце падтрымку беларушчыны. На сёньняшні
дзень улады выдалілі з цэнтру практычна ўсе беларускія суполкі, і там засталася
хіба што адна майстэрня лозапляценьня.
Акурат напярэдадні Новага году са сваіх майстэрняў былі выкінутыя беларускія
мастакі Ігар Кургалаў ды Сяргей Дзьмітрыеў – майстэрні іхнія месьціліся
пры цэнтры, а таксама беларуская дзіцячая гуманітарная школка, якая на
шчасьце знайшла сабе прытулак у сьценах полацкага ўнівэрсытэту.
Улады, адзначыў спадар Храмцоў, у сваім антынацыянальным імпэце нават
беларускія шыльды на наваполацкіх крамах замянілі на расейскія.
Вінцэсь Мудроў, Наваполацак
Самае папулярнае
1