Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Агульны страйк прыватных прадпрымальнікаў спынены, але ў Барысаве і Маладэчне рэчавыя рынкі па-ранейшаму не працавалі.

Сёньня больш за 200 прыватных гандляроў Салігорску зноў разгарнулі свае намёты на мясцовым рынку "Старавакзальны". Як паведаміў для Радыё Свабода намесьнік старшыні Незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў Аляксей Лук’янчык, пяцідзённы страйк быў плённым, калі мець на ўвазе прэтэнзіі камэрсантаў да гарадзкіх уладаў.

Па-першае, гандляры дамагліся спыненьня тых пабораў, якія незаконна спаганялі зь іх асобныя чыноўнікі гарвыканкаму дзеля бягучых і капітальных рамонтаў камунальных будынкаў. Па-другое, нарэшце, вырашаная праблема з усталяваньнем на "Старавакзальным" рынку адмысловага прафсаюзнага інфармацыйнага стэнду. Гэтага больш за два гады чамусьці не давалі кіраўнікі тутэйшай вэртыкалі.

Уласна, пакуль што гэта — усе дасягненьні страйку прыватных гандляроў на Меншчыне.

Паводле старшыні Незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў Случчыны Соф’і Мацяшовай, сёньня ў Слуцку выйшлі працаваць 150 яе калегаў. Яшчэ 250 чалавек будуць доўжыць страйк да 15 студзеня. Астатнія 100 камэрсантаў вырашылі страйкаваць да 1 лютага, а, магчыма, і даўжэй. Прынамсі — да таго часу , пакуль гарадзкая падатковая міліцыя не адмовіцца ад канфіскацыйных мэтадаў сваёй дзейнасьці. У прыватнасьці, міліцыя, як лічыць спадарыня Мацяшова, павінна вярнуць аднаму з гандляроў 25 куртак, сканфіскаваных летась у сьнежні.

Як праінфармавалі мяне ў Маладэчанскім аддзяленьні Гельсынскага Камітэту, каля 700 мясцовых камэрсантаў таксама ня будуць пачынаць гандаль да пары, пакуль падатковыя ды іншыя мясцовыя рэвізійна-кантрольныя органы не ўпарадкуюць свае праверкі. Дарэчы, заўтра Маладэчанскі гарвыканкам пачынае разгляд парушэньняў розных указаў, дэкрэтаў ды іншых нарматыўных дакумэнтаў 12-цю гандлярамі , у якіх могуць забраць ліцэнзіі на прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Падобныя дачыненьні склаліся і ў барысаўскіх прадпрымальнікаў з тамтэйшай вэртыкальлю. Таму ў Барысаве страйк будзе спынены толькі пры ўмове заключэньня адмысловага пагадненьня між Свабодным прафсаюзам і гарвыканкамам.

Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

XS
SM
MD
LG