Нягледзячы на працягваны страйк, прадпрымальнікі Рагачову
адзначылі праваслаўныя Каляды дабрачыннай акцыяй.
Учора, у дзень Нараджэньня Хрыстова, рагачоўскія прадпрымальнікі адведалі
дзяцей-сірот, якія засталіся без бацькоў і знаходзяцца пад апекаю сваякоў
ці знаёмых. Дзецям прадпрымальнікі падрыхтавалі калядныя падарункі. Што
менавіта, распавядае ініцыятар акцыі, старшыня рагачоўскага грамадзкага
Аб'яднаньня прадпрымальнікаў Уладзімер Ціхінскі.
(Ціхінскі: ) "Абутак і адзеньне, але ў асноўным было адзеньне".
Сродкі на дабрачынную акцыю прадпрымальнікі зьбіралі супольна, а абутак
і адзеньне — падабралі ў сваіх жа гандляроў гэтым таварам.
Аднак большасьць рагачоўскіх прадпрымальнікаў гандляваць сёлета яшчэ
не выходзіла. Яны па-ранейшаму працягваюць страйк у абарону сваіх правоў
і на працу думаюць выйсьці толькі 14 студзеня.
Працягваюць абвешчаны страйк і рэчыцкія прадпрымальнікі. Яны не пачалі
працы нават 6 студзеня — напярэдадні праваслаўных Калядаў. Паводле словаў
старшыні Свабоднага прафсаюзу Зураба Барбакадзэ, ня вытрымалі дамоўленага
тэрміну страйку толькі каля паўдзясятка дробных гандляроў.
Іншая сытуацыя склалася ў Калінкавічах, Мазыры і абласным цэнтры. 6
студзеня тут працавала пераважная большасьць гандляроў. Непаразуменьне
ў страйкоўцаў выклікалі распаўсюджаныя ў рэгіёне інфармацыйныя бюлетэні
кіраўніка беларускага Страйкаму прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага, у
якіх дата страйку пазначалася з 1-га па 5-га студзеня.
Старшыня Свабоднага прафсаюзу з Калінкавічаў Леанід Астаповіч лічыць,
што мэтазгодна працягваць страйк толькі супольна, калі ён доўжыцца аднолькава
ва ўсіх гарадох. Ён кажа:
(Астаповіч: ) "Мы 5 дзён трымалі страйк і мяркуем , што ўлады задумаюцца,
чаму гэта адбылося і што варта ім рабіць надалей? Калі нічога ў нашых правох
ня зьменіцца, трэба будзе, мяркую, распачынаць страйк на месяц".
Казімер Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1