Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Увечары амэрыканская амбасада ў Менску адрэагавала на ўчорашняе ўручэньне А.Лукашэнку даверчых граматаў амбасадарам Мадагаскару, які апярэдзіў амбасадара ЗША М.Козака. Афіцыйны прадстаўнік амэрыканскае амбасады Дж.Кунстатэр даў эксклюзіўнае інтэрвію нашаму радыё.

Учора А.Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад амбасадара Рэспублікі Мадагаскар, сталая рэзыдэнцыя якога знаходзіцца ў Маскве. Відавочна, што мадагаскарскі дыплямат ня мог прыбыць у Менск раней за амэрыканскага амбасадара Майкла Козака, які чакае сустрэчы са спадаром Лукашэнкам ужо два з паловай месяцы, ды якому абяцалі прыняць ягоныя граматы яшчэ да канца лістапада.

Сёньня амбасада ЗША ў Беларусі ўпершыню пракамэнтавала факт прыняцьця А.Лукашэнкам даверчых лістоў ад амбасадара Мадагаскару яшчэ да гэткай жа працэдуры з удзелам спадара Козака.

Вось што сказаў Радыё Свабодзе афіцыйны прадстаўнік амэрыканскае амбасады Джон Кунстатэр:

"Перш за ўсё, трэба, каб вы ведалі, — мы вельмі задаволеныя, што амбасадар Мадагаскару змог уручыць свае даверчыя граматы. Як сьведчаць прэцэдэнты, 13-ы артыкул Вэнскае канвэнцыі ясна кажа, што гэта мусіць рабіцца ў парадку прыбыцьця ў краіну. І калі беларускія ўлады прадпрымаюць іншы акт, што ж, гэта дае толькі мажлівасьць рабіць высновы пра тое, як яны інтэрпрэтуюць Вэнскую канвэнцыю…"

"Калі амбасадар Мадагаскару прыбыў не раней за амбасадара Козака, тады ён проста пераскоквае чаргу ў тэрмінах Вэнскае канвэнцыі. Але гэта тады адлюстроўвае інтэрпрэтацыю беларускім урадам Вэнскае канвэнцыі", — заявіў спадар Кунстатэр, які ёсьць куратарам усіх дачыненьняў амэрыканскае амбасады з прэсай.

Нагадаю, што ўчора, як і цягам апошніх тыдняў, афіцыйны Менск сьцьвярджаў, што дата сустрэчы Лукашэнкі з Козакам узгадняецца. На маё пытаньне, ці вядуцца гэтыя перамовы пра ўзгадненьне даты ўручэньня граматаў з амбасадаю ЗША ў Менску, Джон Кунстатэр адказаў проста:

"Не. Наша пазыцыя такая: неўзабаве пасьля свайго прыезду ў краіну амбасадар Козак прадставіў сапраўдную копію ягоных даверчых лістоў міністру замежных справаў — у адпаведнасьці з артыкулам 13 Вэнскае канвэнцыі. Таму, як дазваляе Вэнская канвэнцыя, ён распачаў выконваць свае афіцыйныя абавязкі. Калі ж беларускія ўлады вырашаць, што ёсьць адпаведная дата для цырыманіяльнае прэзэнтацыі даверчых лістоў кіраўніку дзяржавы, мы будзем гатовыя прыняць гэтую дату. Але гэта рашэньне, што залежыць ад беларускіх уладаў. Мы паважаем той факт, што расклад кожнага вельмі напружаны, і калі яны знойдуць час для гэтае цырыманіяльнае прэзэнтацыі, мы, вядома, будзем гатовыя".

Адказваючы на маё пытаньне, ці можа Майкл Козак працаваць наагул без уручэньня даверчых граматаў Аляксандру Лукашэнку, спадар Кунстатэр зноў спаслаўся на Вэнскую канвенцыю й зазначыў:

"Амбасадар, які прыбывае, можа распачаць выкананьне афіцыйных абавязкаў, калі ён прадставіў сапраўдную копію ягоных даверчых лістоў Міністэрству замежных справаў альбо іншаму, якое вызначана як міністэрства, што іх прымае. Ён гэта зрабіў у пачатку лістапада", — сказаў пра амбасадара ЗША Майкла Козака ягоны калега Джон Кунстатэр ды яшчэ раз паўтарыў, што амэрыканскі бок гатовы да любой даты ўручэньня даверчых граматаў, якую вызначаць беларускія ўлады.

Спадар Кунстатэр ня змог адказаць на пытаньне, ці атрымала ўжо амбасада Злучаных Штатаў у Менску запрашэньне на традыцыйны прыём для замежнага дыпляматычнага корпусу, які на стары Новы год, 13 студзеня, ладзіць Аляксандар Лукашэнка. Нагадаю, што крыніцы ў беларускім дыпляматычным ведамстве казалі, што спадар Лукашэнка мусіць атрымаць даверчыя граматы ад Майкла Козака да гэтае даты — каб не сустрэцца зь ім упершыню на прыёме.

Юры Сьвірко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG