Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Завяршыўся агульнабеларускі страйк прыватных прадпрымальнікаў і асобаў, што працуюць па найме.

Пяты дзень акцыі мала чым розьніўся ад папярэдніх — рэчавыя рынкі большасьці гарадоў сёньня не працавалі. Нягледзячы на ініцыяваную ўладамі інфармацыйную блякаду страйку, вялікая частка насельніцтва пра яго ведала. Шараговыя грамадзяне, якія наведвалі гэтымі днямі пустыя рынкі, падчас стыхійных дыскусіяў спрабуюць асэнсаваць дзеяньні гандляроў:

"Маленькія гарады абустройваюцца толькі вось за лік гэтых прадпрымальнікаў. Дык можа для сябе яны й маюць рацыю, што страйкуюць, але я думаю, што ўсё адно да іхнага меркаваньня ніхто наверсе не прыслухаецца". — "А чаму б і не, вельмі нават і прыслухаюцца! Яны не працуюць, то ня плацяць падаткаў, ня плацяць падаткаў — а чым нам з вамі плаціць? Ага!" — "Трэба каб прыслухаліся!"

У прадпрымальнікаў — свае клопаты. Заўтра большасьць зь іх думае выйсьці на працу. Як паведамілі сёньня на выніковай прэсавай канфэрэнцыі арганізатары страйку, у Менску і шмат якіх іншых гарадох з 6 студзеня рэчавыя рынкі маюць намер аднавіць гандлёвую дзейнасьць. Ня выключана, што ў шэрагу населеных пунктаў страйк працягнецца.

Лідэры Страйкавага камітэту лічаць акцыю пратэсту пасьпяховаю. Удзел у акцыі ўзялі больш за 200 тысячаў прадпрымальнікаў ды асобаў, што працуюць па найме — гэта, паводле лідэраў камітэту, сьведчыць пра надзённасьць пратэсту. Улады, як лічыць старшыня Страйкавага камітэту Валеры Леванеўскі, мусяць прыслухацца да голасу прадпрымальнікаў.

Самым важным патрабаваньнем гандляроў было скасаваньне новага мытнага заканадаўства, якое тычыцца ўплаты мытаў і падаткаў на тавары з “трэціх” краінаў, што ўвозяцца ў Беларусь з тэрыторыі Расеі. Ці будзе яно задаволенае? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да Сяргея Цітавіцкага, які ў Міністэрстве прадпрымальніцтва і інвэстыцыяў адказвае за разьвіцьцё дробнага бізнэсу:

"Зараз ёсьць дакумэнты, якія будуць разглядацца Саветам міністраў. Дакладней, праекты гэтых дакумэнтаў. Я спадзяюся, што ў самы бліжэйшы час будуць прынятыя дакумэнты, якія зьменяць падыходы да прадпрымальніцтва. Магчыма, гэта будзе ня ўплата мытаў, а падатку пры рэалізацыі імпартных тавараў. Але канчатковых варыянтаў я пакуль ня бачыў", — зазначыў спадар Цітавіцкі.

Ня бачылі гэтых дакумэнтаў і арганізатары акцыі. Затое, паводле іхных словаў, на прадпрымальнікаў насоўваецца рэальная пагроза, што зыходзіць ад цяперашняга мытнага заканадаўства. 9 студзеня ў Воршы, як паведаміў каардынатар акцыі Леанід Каліценя, мае адбыцца першы ў краіне суд над гандляром, што не ўплаціў дзяржаве мыты і падаткі за тавары з “трэціх” краінаў.

А вось як пракамэнтаваў нашаму радыё акцыі пратэсту прыватных прадпрымальнікаў намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Альтэрнатыва-ХХІ” Сяргей Балыкін:

(С.Балыкін: ) "У сьвеце забастоўкі ладзяць збольшага наёмныя працаўнікі, каб гэтак неяк націснуць на свайго працадаўцу. У нас жа ў Беларусі забастоўкі пачалі ладзіць прадпрымальнікі. Зь першага погляду, гэта наогул нелягічна, бо прадпрымальнік робіць шкоду только сабе — ён губляе грошы, губляе прыбытак. У гэтым страйку прадпрымальнікі нават не адмовіліся плаціць уладзе падаткі, плаціць арэнду, бо яны маглі такім чынам страціць свае працоўныя месцы. Такім чынам, гэту акцыю трэба лічыць нейкай PR-аўскай кампаніяй, нечым наконт галадоўкі, бо чаго могуць дабіцца прадпрымальнікі — гэта ўвагі да нейкіх сваіх пытаньняў".

(Карэспандэнт: ) "Патрабаваньні прыватных прадпрымальнікаў маюць нейкае дачыненьне да праблемаў усяго беларускага бізнэсу?"

(С.Балыкін: ) "Менавіта так. Спэцыфічнай праблемай зьяўляецца мытнае афармленьне тавараў з Расеяй — гэта больш датычыцца чаўнакоў. Але іншыя праблемы такія самыя, як і ў астатніх беларускіх прадпрымальнікаў — гэта занадта вялікая колькасьць кантрольных органаў, завялікія падаткі".

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG