Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 6 студзеня)
Чорны Каляндар.
У новае стагодзьдзе Беларусь уваходзіць з цэнзурай, палітычнымі вязьнямі і трагічнымі зьнікненьнямі людзей. Кожную суботу у нашай праграме гучыць агляд – навіны з турмаў, судоў, галасы сваякоў ахвяраў. Ад 7 траўня 1999 году няма Юрыя Захаранкі, ад 16 верасьня 1999-га – Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, ад 7 ліпеня 2000-га -- Зьміцера Завадзкага. Разам іх няма ўжо 1749 дзён.
Уладзімер Кудзінаў і Андрэй Клімаў за кратамі 2492 дні.
Чорны Каляндар.
Алег Грузьдзіловіч перадае.

Дэпутат Уладзімер Кудзінаў атрымаў шанец на хуткае вызваленьне з калёніі.
Экс-міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава папярэджваюць пра магчымыя правакацыі.
Працягваецца збор сродкаў для вызваленьня дэпутата Андрэя Клімава. У справах зьніклых безь пераменаў.

З пачатку году ўступілі ў дзеяньне новыя Крымінальны, Крымінальна-адміністрацыйны і Выканаўчы кодэксы, якія былі прынятыя парлямэнтам больш за год таму, але паводле розных прычынаў усё ня ўводзіліся.

Апошняя спроба адкласьці ўвядзеньне кодэксаў была літаральна за некалькі дзён да Новага году — генэральны пракурор Віктар Шэйман заявіў пра неабходнасьць чарговай адтэрміноўкі і нават сказаў , што адпаведны ўказ Лукашэнкі падрыхтаваны. Але гэты дакумэнт так і ня быў падпісаны. Магчыма й таму, што на заяву Шэймана вельмі жорстка адрэагаваў недзяржаўны друк і праваабарончыя арганізацыі, якія расцанілі спробы адкласьці новыя кодэксы як замах на рэшткі правоў грамадзянаў.

І вось кодэксы робяцца дзейнымі. Што гэта азначае? Акрамя пэўных станоўчых рэформаў у судовай і судова-выканаўчай практыцы гэта азначае перагляд некаторых пакараньняў, прызначаных судамі раней. Калі згодна з новымі нормамі пакараньне за пэўнае злачынства менш жорсткае, дык прысуд мусіць быць перагледжаны.

Гэта дазволіць сотням асуджаных раней выйсьці на волю, і на датэрміновае вызваленьне цяпер разьлічвае дэпутат Уладзімер Кудзінаў. Суд даў яму 7 гадоў быццам бы за хабарніцтва, потым два гады зьнялі па амністыі, больш за тры гады Кудзінаў адседзеў, і цяпер ён шанец выйсьці на волю раней. Адвакат Кудзінава Тацяна Станкевіч ужо зьвярнулася з просьбай перагледзець прысуд, а жонка дэпутата Кудзінава Зоя спадзяецца, што вынік будзе станоўчы:

"Згодна з новым Крымінальным кодэксам ён ужо пераседжвае амаль два гады. У дэмакратычных краінах не прынята, каб чалавек нават адну гадзіну пераседжваў у турме. Я спадзяюся, што яго справа будзе адной зь першых перагледжаная".

З навінаў тыдня варта адзначыць таксама зьвесткі ад сям'і экс-міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава. Лявонавы не выключаюць, што давядзецца зьяжджаць некуды на вёску, далей ад тых, хто пагражае экс-міністру новым арыштам. Аказваецца, некаторыя крыніцы паведамляюць пра такія загады, атрыманыя зьверху. Сам Лявонаў згадвае, што напярэдадні арышту ў 1997 годзе таксама атрымліваў аналягічныя папярэджаньні, якія, на жаль, спраўдзіліся. Назіральнікі не выключаюць, што той, хто ініцыюе такія пагрозы на адрас экс-міністра, плянуе паўплываць на ягоную пазыцыю адносна будучых прэзыдэнцкіх выбараў.

Працягваецца збор сродкаў на тое, каб сплаціць судовы вырак і вызваліць з турмы дэпутата Андрэя Клімава, пакуль ён яшчэ не страціў шанцу трапіць пад амністыю. Жонка Клімава Тацяна дзякуе ўсім, хто адгукнуўся на заклік дапамогі.

А вось у справах зьніклых аніякіх пераменаў. Сёньня я патэлефанаваў Зінаідзе Ганчар, якая пацьвердзіла, што навінаў у справе мужа няма. Адметна, што маўчаць тыя чыноўнікі і дзеячы, да якіх Зінаіда нядаўна зьвярталася зь лістамі, у тым ліку ад кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы дагэтуль няма нават фармальнага адказу на яе зварот.

Няўжо навагоднія ды калядныя сьвяты занялі нас настолькі, што магчыма забыцца пра бяду людзей? Ці не таму гэтак жа безвынікова вядуцца і пошукі зьніклага мінулым летам апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага? Толькі ягоны голас , што дагэтуль гучыць на аўтаадказчыку, не дае супакоіцца:

"Добры дзень! Пакіньце сваё паведамленьне пасьля гукавога сыгналу".

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG