Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 3 студзеня)
Зь некаторых раёнаў Берасьцейскай вобласьці прыйшлі зьвесткі, што напярэдадні Новага году чыноўнікаў мясцовай вэртыкалі прымушалі тэрмінова запаўняць так званыя асабістыя карткі. Чыноўнікі лічаць, што гэта своеасаблівы спосаб праверкі ляяльнасьці ў дачыненьні да начальства…

Супрацоўнікі дзяржаўных ворганаў кіраваньня, якія запаўнялі гэтыя карткі, потым адзначалі, што зьвестак пра сябе трэба было пакінуць больш, чым пры падрыхтоўцы да турыстычнай паездкі ў якую-небудзь замежную краіну пад час існаваньня СССР.

Напрыклад, кожны пакінуў быў паведаміць ня толькі агульнапрынятыя зьвесткі аб сваёй адукацыі, але таксама й дату заканчэньня кожнай навучальнай установы, атрыманую спэцыяльнасьць і нумар дыплёму.

Апроч таго, трэба было ўзгадаць, якой замежнай мовай і ў якой ступені валодае асоба, што запаўняе картку. Калі і зь якой мэтай гэты чалавек наведваў іншыя краіны.

Чыноўнік мусіў быў падрабязна паведаміць пра сваю працоўную дзейнасьць і прыкласьці да ўспамінаў выпіскі з працоўных кніжак.

Службоўцы дзяржаўнага апарату павінныя былі распавесьці пра свае ўзнагароды, заахвочваньні, атэстацыі і курсы падвышэньня кваліфікацыі.

У асабістых картках таксама былі пытаньні пра вайсковы ўлік, удзел у палітычных партыях, допуск да дзяржаўных таямніцаў і нават пра грамадзкія нагрузкі чыноўніка.

Апроч грунтоўнага расповеду пра сябе запаўняльнік карткі павінен быў даць зьвесткі і пра бліжэйшых сваякоў.

Для тых, хто заняты на службе дзяржаве, застаецца таямніцай, каму й навошта спатрэбіліся гэтыя падрабязныя справаздачы. Найбольш верагодная вэрсія – плянаваныя прэзыдэнцкія выбары. Напярэдадні іх гэткім чынам, хутчэй за ўсё, адшукваецца кампрамат на ня вельмі ляяльных да рэжыму прадстаўнікоў вэртыкалі.

Алег Супрунюк, Берасьце

XS
SM
MD
LG