Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Пайшоў чацьвёрты дзень агульнабеларускага страйку прыватных прадпрымальнікаў. Гандлёвыя плошчы пераважнай большасьці рынкаў краіны пуставалі.

Адметнасьцю чацьвёртага дня страйку сталі спробы ўладаў увесьці насельніцтва ў зман наконт пратэсту прадпрымальнікаў. Людзі ўсё больш пачынаюць зьвяртаць увагу на апусьцелыя рынкі, але ня ўсе ведаюць, што адбываецца. Вось, напрыклад, якімі зьвесткамі ды ўражаньнямі падзяліліся сёньня са мною наведнікі сталічнага рынку "Серабранка":

"Ды гэта ж адпачываюць папросту — ну выходны сабе зрабілі!" — "Не, якія сьвяты! Гэтак па ўсіх рынках! Дый мы самі ня ведаем, страйкуюць яны ці не!" — "Падаткі вялікія вельмі, задушылі людзей падаткамі!" — "А мы, ведаеце, кошты вялікія таксама плоцім!" — "Прыяжджалі тут на машыне, казалі, што забастоўка…" — "Няўжо забастоўка?"

Такім чынам, ладная частка грамадзтва ня мае сёньня праўдзівых зьвестак пра акцыі пратэсту. І атрымаць насельніцтву такія зьвесткі цяжка. Рэч у тым, што на рынках няма ні інфармацыйных даведнікаў, ні плякатаў пра акцыю. Лідэры прадпрымальнікаў тлумачаць гэта немагчымасьцю іх разьмяшчэньня, паколькі рынкі, маўляў, дзяржаўныя і іхнае кіраўніцтва катэгарычна забараняе выстаўляць інфармацыйныя стэнды.

Што тычыцца дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, то ў першыя дні студзеня яны замоўчвалі пратэст прадпрымальнікаў. Учора дзяржаўнае тэлебачаньне паведаміла, што гандляры працуюць, і ў насельніцтва нібыта няма ніякіх цяжкасьцяў з набыцьцём тавараў. Тактыку замоўчваньня выкарыстоўваюць і чыноўнікі.

Вось, напрыклад, як патлумачыў сёньня нашаму радыё цяперашнія дзеяньні гандляроў начальнік упраўленьня Міністэрства прадпрымальніцтва і інвэстыцыяў Сяргей Цітавіцкі:

"А дзе страйк? Народ адпачывае — сьвяты. Сёньня й фірмы не працуюць. Вось я тэлефанаваў па фірмах, дык зь дзесяці працуе толькі адна ці дзьве. Да панядзелка, я мяркую, нельга казаць пра страйкі".

На думку арганізатараў акцыі, улады сьвядома імкнуцца дэзінфармаваць насельніцтва пра страйк прадпрымальнікаў і разьлічваюць, што пратэст гандляроў атрымае мінімальны водгук у грамадзтве.

Гаворыць каардынатар акцыі Леанід Каліценя:

"Вядзецца праца супраць нашай акцыі. З Магілёву мне паведамілі пра такі выпадак. Там адзін чалавек правакаваў перакуліць гандлёвыя палаткі тых нешматлікіх прадпрымальнікаў, хто праігнараваў акцыю. Але, як затым высьветлілася, за гэтым ўважліва сачылі супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі. Відавочна, з той мэтай, каб потым дыскрэдытаваць страйк на прыкладзе такіх хуліганскіх учынкаў. Апроч таго, ёсьць і правакацыі з боку адміністрацыяў некаторых рынкаў, якія наўпрост залежаць ад органаў дзяржаўнай ўлады".

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG