Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Падманутыя ўкладчыкі банку “БелБалтыя” дамагаюцца сустрэчы са старшынём Нацыянальнага банку Пятром Пракаповічам. Яны вінавацяць кіраўніцтва Нацбанку ў нястачы кантролю за дзейнасьцю “БелБалтыі”.

Некалькі месяцаў укладчыкі “БелБалтыі” ня могуць атрымаць ні адсоткаў з сваіх рахункаў, ні ўкладзеных грошай. У сваіх бедах яны вінавацяць Нацыянальны банк Беларусі. Гаворыць падманутая ўкладчыца “БелБалтыі” спадарыня Галіна:

"Нацыянальны банк забіраў у "Белбалтыі" ліцэнзію яшчэ ў кастрычніку 1999 году. Нягледзячы на гэта, "Белбалтыя" амаль да кастрычніка 2000 году як нічога ніякага брала ў людзей іхныя валютныя зьберажэньні. Усё ж, адабраўшы ліцэнзію, Нацыянальны банк не паведаміў нічога людзям і не ўзяў ніякіх захадаў дзеля забесьпячэньня сваёй кантрольнай функцыі. Кіраўнік "БелБалтыі" спадар Барсіян — сам былы супрацоўнік Нацбанку, там загадваў аддзелам. Мне здаецца, дзяржава ня мусіць удаваць, што яна тут ні пры чым. Не бракуе ж кантрольных установаў".

Каля 10 тысяч чалавек даверылі свае грошы гэтаму банку. Паводле некаторых зьвестак, “БелБалтыя” вінны людзям каля 17 мільёнаў даляраў.

Як паведаміў нашаму радыё кіраўнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў, у сытуацыі зь “БелБалтыяй” большая віна не Нацыянальнага банку, а пракуратуры, МУС і падатковых службаў, якія своечасова не ўзялі належных захадаў.

“Ніхто не чакаў ад “БелБалтыі” такой подласьці. Мы ня мелі такіх прэцэдэнтаў, каб банк, у якога забралі ліцэнзію, працягваў прымаць уклады. Чаму не закрылі? У нас няма такіх паўнамоцтваў. У нас жа няма спэцназу і людзей у форме. Нацыянальны банк не здымае зь сябе адказнасьці. У тым, што здарылася зь “БелБалтыяй”, ёсьць і нашая віна. Але мы своечасова паведамілі ў падатковую інспэкцыю, пракуратуру, МУС, і яны павінны былі адрэагаваць, але не зрабілі гэтага. А цяпер пракурор — іншы, міністар унутраных спраў — іншы. Спытаць няма з каго. Гэтыя установы вялі сябе проста агідна”, — зазначыў Анатоль Драздоў.

Цяпер створаная адмысловая прэзыдэнцкая камісія, якая вывучае сытуацыю вакол “БелБалтыі”. Але, на думку былога старшыні Нацбанку Станіслава Багданкевіча, больш эфэктыўнымі былі б незалежныя інстытуцыі, якія б кантралявалі банкаўскую дзейнасьць.

“Трэба мяняць сыстэму кантролю, зыходзячы з усясьветнага досьведу. Летась Палата прадстаўнікоў прыняла Банкаўскі кодэкс, але ён не вырашае гэтых праблемаў. Трэба пазбавіць Нацбанк права кантраляваць ды ўтварыць адмысловы камітэт па наглядзе за прыёмам і разьмяшчэньнем укладаў, які не залежаў бы ні ад Нацбанку, ні ад выканаўчай ўлады. Але цяпер і іншыя банкі апынуліся ў такім жа стане, як і “БелБалтыя”. Проста ў гэтым банку пачалася паніка, а ў іншых — пакуль не. Справа ў тым, што гэтыя банкі выдаткоўваюць грошы, якія ім даверылі ўкладчыкі, на неэфэктыўныя праекты, на стратную сельскую гаспадарку, на стратную вытворчасьць”, — распавёў Станіслаў Багданкевіч.

Ганна Соусь, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG