Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прадпрымальнікі Гомелю распачалі 12-дзённы страйк у абарону сваіх правоў.

Акурат сёньня ноччу ў Гомелі выпаў сьнег і прыцерушыў гандлёвыя рады на Цэнтральным рынку. Белае покрыва ўзмацніла ўражаньне пустэчы. На больш як дзьвюх тысячах гандлёвых месцаў — ані чалавека. І толькі ў першым сэктары, дзе звычайна прадаюць прадукты, некалькі жанчын прапаноўвалі месьцічам цыгарэты, мандарыны, семкі сланечніка.

Пэнсіянэрка, якая назвалася Нінай Рыгораўнай, выклала на прылавак дрожджы, перац у пакеціках, іншую прыправу. Што вымусіла яе прыйсьці на амаль што пусты рынак?

"Прыйшла, бо я сіротаў даглядаю. Дачка ў мяне памерла, двох дзяцей пакінула. Цяжка жыць. Можа, хоць на хлеб зараблю", — кажа Ніна Рыгораўна. Жанчына — не прадпрымальніца, звычайная беларуская пэнсіянэрка, якая вымушаная дробным гандлем крыху папраўляць сваё матэрыяльнае становішча.

У крытым рынку таксама чалавек 10-15 на 900 гандлёвых месцах. Гэта — так званыя "рэалізатары" альбо тыя, хто вырошчваюць гародніну на прысядзібных участках і зараз хочуць атрымаць нейкую капейку. Да страйку яны ставяцца з паразуменьнем. А ня ўдзельнічаюць у ім бо, кажуць, праблемы прадпрымальнікаў іх мала датычаць.

Адміністрацыя рынку сёньня таксама пачувалася вальготна. Асаблівых клопатаў не было. Мусіць, таму намесьнік дырэктара Мікалай Макараў ды некаторыя іншыя супрацоўнікі адміністрацыі спакойна пілі піва ў гандлёва-закупачным аддзеле.

Зрэшты, ня толькі прадпрымальнікі Гомеля не выйшлі сёньня на працу. Агульнанацыянальную акцыю падтрымала большасьць дробных гандляроў Рэчыцы, Мазыра, Сьветлагорску.

У Рагачове, паводле рашэньня нядаўна створанага аб'яднаньня, прадпрымальнікі наважыліся не працаваць ажно да 14 студзеня — нават на два дні болей, чым у абласным цэнтры. Пацікавіўся ў кіраўніка аб'яднаньня прадпрымальнікаў Мікалая Ціхінскага, як ставяцца да іх рашэньня мясцовыя ўлады:

"Робяць выгляд, што ўсё нармалёва. Мясцовая газэта нічога не друкуе пра страйк. Ні цяпер, ні раней, хаця газэтчыкаў мы запрашалі. Усюды — цішыня. Таму рыхтуем выпуск сваёй газэты, дакладней — інфармацыйнага бюлетэня", — сказаў старшыня рагачоўскага аб'яднаньня прадпрымальнікаў спадар Ціхінскі.

Казімер Яноўскі, Гомель

XS
SM
MD
LG