Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 30 сьнежня)
Зь незвычайным рэкордам хоча ўвайсьці ў новае стагодзьдзе слынны беларускі асілак Вячаслаў Харанэка. Роўна а дванаццатай гадзіне 30 сьнежня ў менскай рэстарацыі "Ля фантану" ён пачаў падымаць адмысловы кег - бочку зь півам агульнай вагой 40 кіляграмаў. Калі ўсё пройдзе добра, выступленьне асілка скончыцца ў апошнюю хвіліну ХХ-га стагодзьдзя.

39-гадовы Вячаслаў Харанэка з выгляду зусім не падобны да асілка. Ягоны рост - 178 сантымэтраў, важыць спартовец толькі 84 кіляграмы. Але на ягоным рахунку ўжо ажно 94 усясьветных і нацыянальных рэкордаў ва ўздыме цяжкасьцяў рознымі спосабамі за розны час - ад адной хвіліны да 24 гадзінаў. Ягонае імя занесенае ў кнігі рэкордаў СНД і Чэхіі.

Зараз Вячаслаў хоча трапіць у кнігу рэкордаў Гінэса. А таму й будзе падымаць кег ажно 36 гадзінаў запар. Бочка зь півам спачатку ўздымаецца з падлогі на грудзі, а потым над галавою на выцягнутых руках. Кожную фіксацыю рэгіструюць адмысловыя судзьдзі. Графік выступу наступны: 55 хвілінаў працы, потым перапынак на 5 хвілінаў. І толькі ад апоўначы да 6 гадзінаў раніцы перапынак будзе падоўжаны да 10 хвілінаў. У гэты час асілку будуць рабіць масаж, а доктар, кандыдат мэдыцынскіх навук Рыгор Ніжнікаў, будзе правяраць крывяны ціск і лічыць пульс.

На 36 гадзінаў спартовец заказаў 20 літраў мінэральнай вады "Мінск-4" і "Дарыда", 10 плітак чакаляды, бананы, мандарыны, апэльсіны. 6 разоў ён будзе есьці курыны булён і філе птушкі. Цікава, што калі Харанэка выступаў 24 гадзіны, ён за гэты час згубіў 5 з паловай кіляграмаў вагі. Цяпер ён думае, што схуднее кіляграмаў на 8. За 24 гадзіны асілак узьняў кег над галавой 3150 разоў. Цяпер ён плянуе зрабіць гэта ня менш за чатыры тысячы разоў. І такім чынам зафіксаваць агульную вагу прыкладна 1600 тонаў. Такога ў сьвеце яшчэ ніхто не рабіў.

А калі не атрымаецца? Харанэка нават тады ня будзе надта засмучаны. І вось чаму:

"Галоўнае ня тое, будуць зафіксаваныя гэтыя рэкорды ці не, галоўнае -- каб людзі цягнуліся да здаровага ладу жыцьця. І хачу паказаць сваім выступам неабмежаваныя магчымасьці чалавека".

Гэта быў беларускі асілак Вячаслаў Харанэка.

Інфармацыйную падтрымку гэтай імпрэзе аказвае газэта "Наша свабода". Ейны выдавец Павал Жук так тлумачыць сваё спонсарства:

"Газэта "Свабода" заўсёды падтрымвае праекты, якія могуць зрабіць гонар нашай краіне, паказаць сілу беларускага духу і ўрэшце паказаць тое, што мы самі можам".

Гэта быў выдавец газэты "Наша свабода" Павал Жук.

Пра тое, ці атрымаўся рэкорд у знакамітага асілка, мы даведаемся на мяжы стагодзьдзяў.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG