Скарбонка сучаснага беларускага фальклёру пабагацела
яшчэ на адзін народны літаратурны твор — у Менску напярэдадні ХХ-га стагодзьдзя
зьявілася навагодняя казка для дзяцей і дарослых.
Новая казка названая разгорнута — згодна зь векавечнай фальклёрнай завядзёнкай.
Ды без усялякага нават намёку на падтэкст, а шчыра ідучы насустрач простаму
народнаму жаданьню адразу ж ведаць, пра што казка кажацца. Не хаваючы інтрыгі
за новыя вобразы, аўтары пайшлі добра пратораным шляхам народных творцаў
ды ўзялі ў свае героі найпапулярнейшага пэрсанажа беларускага казачнага
эпасу — Зьмея, са злоснай сілай якога змагаюцца народныя волаты. Cтарая
назва на новы лад загучала так: "Пра Зьмея Луку, пра Чыстую Руку і пра
мех панцаку".
Зьмей як зьмей. Што зь яго возьмеш, калі так яму наканавана — краіну
занявольваць, народ прыгнятаць ды хітрыкамі і гвалтам змушаць той народ
сябе за гэта яшчэ і любіць. Тут Зьмей Лука анічым ня розьніцца ад гэткіх
самых казачных герояў — Зьмея Гарыніча, Трохгаловага Зьмея, Шасьцігаловага
ды Дзевяцігаловага — ягоных братоў. Зразумела, былі ў Зьмея і памагатыя,
бо як жа бязь іх заваладарыш цэлаю краінаю. Але былі ў той краіне і заступнікі
народныя — Удовіныя Сыны. Адзін зь іх зваўся Сьняданка альбо Чыстая Рука.
Ён і пачаў той народ рахманы да бою са Зьмеем заклікаць, войска шматлікае
зьбіраць, хаўрусьнікаў зьядноўваць. Тым часам панцаку — галоўнай ежы народнае
— у сьвірнах станавілася ўсё меней і меней, а як зусім каша тая посная
скончылася, то і сабакі Зьмеевы разьбегліся, і памаганцы ў далёкія краіны
паразьехаліся. Даведаўся Зьмей пра такое — і сам адляцеў на вінталёце на
далёкі цёплы востраў, дзе бананы заместа панцаку ядуць.
Застаўся народ без валадара, пачаў крычэць-гаманіць, каго на пасад клікаць.
Раіліся-спрачаліся ды ўрэшце вырашылі талакою кіраваць. Парлямэнцкаю рэспублікаю
назваліся. Так і жывуць цяпер, дзетак плодзячы, паціху мяса нагульваючы.
Увесь гэты happy end бачыў, у людзей падслухаў, у кніжках-газэтках прачытаў
ды сёе-тое сам навыдумляў ды вам распавёў нейкі дзядзька з Ратнеяў, што
Кручком празываецца. А карцінкі пра ўсё тое намаляваў ды ў кніжачцы зграбнай
зьмясьціў невядомы мастак народны Карпей Дасьціпнік. Карцінкі прыгожыя,
папера добрая, сама казка цудоўная, як навагодні сон, што ў прарочую шчодракуцьцёвую
ноч сасьніўся. Мо сон і ў руку будзе — усё ж раз на тысячу гадоў сасьніўся.
Кніжачку з казкаю тою ў пераднавагодні вечар у дзядзькі на Камароўцы
на мех панцаку выменяла, цалюткі ўчорашні дзень чытала, а сёньня вам распавяла
Валянціна Аксак, Менск
Самае папулярнае
1