Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У менскім дзіцячым садку № 490 амаль дзесяць гадоў дзетак аздароўлівалі паводле сыстэмы Іванова — пры любым надвор’і яны абліваліся халоднай вадой і гэтак загартоўваліся. Ад сёньня гарадзкі аддзел адукацыі забараніў гэта як шкодную і не ўласьцівую беларускаму ладу жыцьця практыку.

Сёлета ў дзіцячым садку паводле сыстэмы Іванова загартоўваліся 16 дзяцей. Сёньня іхныя бацькі даведаліся, што экспэрымэнт забаронены. Распавядае Зьміцер Рубашкін, бацька чатырохгадовага Мішы:

(Рубашкін: ) "Сказалі, што загадчыцу абвінавацілі ў сэктанцтве ды адхілілі яе ад працы. Так нам паведаміў выхавацель".

Цікавы экспэрымэнт цягнуўся ў дзіцячым садку амаль дзесяць гадоў. Калісьці пра яго пісалі амаль усе дзяржаўныя і недзяржаўныя беларускія выданьні. Многія бацькі імкнуліся аддаць сваіх дзяцей менавіта ў гэты садок.

(Рубашкін: ) "Вазілі дзетак зь іншага канца гораду. А потым усё так склалася, што мы тут набылі кватэру, побач жа садок. Тое, што дзеці нашы не хварэюць, — вялікая, я лічу, справа.

Зразумейце, дзеці ж самі ідуць штораніцу ды абліваюцца халоднай вадой, а хто днём таксама, калі хоча. На двары пры гэтым -5 градусаў, а былі гады, што й да -30 было, а яны ўсё адно ішлі. Мы рады былі, што дзеці гэтым займаліся ды мелі такое здароўе", — распавёў Зьміцер Рубашкін.

У садку адначасова ладзіцца яшчэ некалькі экспэрымэнтаў — праграма “Першы крок”, якая калісьці распачыналася ў Беларусі пры падтрымцы Фонду Сораса; ёсьць група, якая працуе па сыстэме Мантэсоры.

Дзіцячы садок належаў прадпрыемству “Інтэграл”, але цяпер яго вырашылі перадаць на балянс гораду. У гарадзкім аддзеле адукацыі Менгарвыканкаму палічылі, што прыхільнікі сыстэмы Іванова — сэктанты, і гэтую навацыю трэба забараніць.

Паводле кіраўніцы аддзелам дашкольнага выхаваньня ГарАНА Сьвятланы Варонінай, у гэтым садку зьявілася супольнасьць людзей з агульнымі інтарэсамі, яны прапагандуюць Бога, а гэта забаронена Законам аб адукацыі.

Акрамя таго, адзначыла спадарыня Вароніна, загартоўкі паводле сыстэмы Парфір'я Іванова ніхто не дазваляў, гэта шкодзіць здароўю дзяцей. Паводле Сьвятланы Варонінай, усе дзеці, якія абліваюцца халоднай вадой, — астэнікі, яны адстаюць у фізычным і псыхічным разьвіцьці, і “да 5-гадовага ўзросту пераўтвараюцца ў дэбілаў”.

Я запыталася ў яе, ці былі скаргі на гэта з боку бацькоў. Сьвятлана Вароніна спаслалася толькі на неафіцыйныя зьвесткі, але самога факту скаргаў не пацьвердзіла.

Загадчыца садку № 490 Ніна Быстрыцкая пакуль адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю, яна спадзяецца на кампраміснае вырашэньне канфлікту, але, як мне паведамілі ў ГарАНА, дазволу на працяг экспэрымэнту ня будзе.

Ганна Соусь, Менск

XS
SM
MD
LG