Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ізноў спынілі працу больш за 200 прыватных гандляроў Салігорску. Яны абвясьцілі бестэрміновы страйк.

Сёньня жыхары Салігорску, завітаўшы раніцай на рэчавы рынак "Старавакзальны", былі расчараваныя — гандлю не было.

Прадстаўнікі салігорскага Незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў тлумачылі людзям, чаму гандляры распачалі страйк — прыватных гандляроў кіраўніцтва краіны літаральна вынішчае як клясу.

Старшыня прафсаюзу спадар Цацура аргумэнтаваў страйк тым, што не зважаючы на агульнабеларускі страйк прадпрымальнікаў у студзені, дагэтуль не скасавалі пастановы Дзяржаўнага мытнага камітэту № 55 пра новы парадак мытнага афармленьня тавараў трэціх краінаў, якія камэрсанты ўвозяць з Расеі.

Не спынілі бясконцых праверак прадпрымальнікаў і мясцовыя кантрольна-рэвізійныя органы. Гандляры па-ранейшаму плоцяць неабгрунтаваныя штрафы.

Прычынай страйку называлі й тое, што гарадзкія ўлады цягам апошняга году павялічылі арэндную плату за адно гандлёвае месца больш чым на 520%.

Страйк салігорскіх прадпрымальнікаў, паводле словаў іхнага лідэра, — бестэрміновы. Доўжыцца будзе, пакуль гэтых праблемаў ня вырашыць урад і тутэйшая "вэртыкаль".

Сёньня ж выканаўчае бюро Незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў Салігорску накіравала свае патрабаваньні ў дзяржаўныя ўстановы і ў адміністрацыю Лукашэнкі.

Алесь Мікалайчанка, Салігорск

XS
SM
MD
LG