Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Pэспубліканская нарада “Аб захадах па вырашэньні праблемаў культуры й мастацтва” прайшла у Менску . Нараду ініцыяваў А.Лукашэнка, і выглядала яна як перадвыбарчая сустрэча.

На нарадзе А.Лукашэнка аніяк не пракамэнтаваў сытуацыі са зьбітым нядаўна невядомым зламысьнікам кіраўніком тэатру-студыі “Вольная сцэна” Валер'ем Мазынскім.

Не згадаў пра Мазынскага й міністар культуры Леанід Гуляка. Затое А.Лукашэнка ізноў заступіўся за арыштаванага ў ЗША П.Барадзіна, прапанаваўшы абмяняць яго на грамадзяніна Нямеччыны, які быў летась затрыманы беларускім КГБ за шпіянаж.

(Лукашэнка: ) "Я не напружваю абстаноўкі, мы хутка паведамім пра гэта ў сродках масавай інфармацыі. Можа Барадзіна хоць аддадуць яны. Я б ужо аддаў ды справу б закрыў крымінальную".

Хаця А.Лукашэнка ўсяляк падкрэсьліваў, што не разгдядае гэтага сходу як перадвыбарчага, сэнс ягоных выказваньняў зводзіўся менавіта да гэтага. Перад выступам паказалі адмыслова створаны да гэтай нарады фільм пра тое, як А.Лукашэнка апякуецца беларускай культурай і мастацтвам.

Непасрэдна на гэтым форуме ён заклікаў губэрнатараў пабудаваць да прэзыдэнцкіх выбараў у Менску два, а ў абласных цэнтрах па адным жылым доме для творчай інтэлігенцыі.

А.Лукашэнка абяцаўся падвысіць заробкі для працаўнікоў культуры й зазначыў, што зьбіраецца ўвогуле адмяніць цяперашнюю тарыфную сетку, вылучыўшы зь яе асобныя сеткі: для працаўнікоў дзяржаўных органаў, работнікаў культуры й вайскоўцаў. Адпаведны праект перадаў урад, і А.Лукашэнка схільны праект ухваліць.

Акрамя таго, А.Лукашэнка мяркуе ўстанавіць пэрсанальныя даплаты “для асабліва выбітных дзеячоў культуры й мастацтва”, як гэта ўжо зрабілі для двухсот мэдыкаў ды навукоўцаў. Ён таксама зазначыў, што ня варта падатковым службам асабліва заглядаць у кішэню працаўнікам мастацтва, каб не выклікаць іхнай незадаволенасці.

А.Лукашэнка ўсяляк падкрэсьліваў посьпехі й станоўчыя рысы творчасьці беларускіх дзеячоў культуры й мастацтва, называў найслыньнейшыя калектывы, пры гэтым падкрэсьліваючы, што яны дзяржаўныя. Ён даручыў міністру культуры Леаніду Гуляку выціскаць з гэтай сфэры прыватныя структуры:

(Лукашэнка: ) "Мы ўсё аддалі ў прыватныя рукі. Нейкія ёсьць арганізацыі, якія арганізоўваюць канцэрты, яшчэ нейкія мерапрыемствы, джаз, крафты вось гэтыя! Клюбы, калі я не памыляюся, гэтыя, ідуць рэклямы і так далей! І гэта пасьля той трагічнай падзеі на Нямізе, гэтыя клюбы яшчэ дзейнічаюць. Чаму яны дзейнічаюць?"

А.Лукашэнка паабяцаў, што колькасьць ладжаных апошнім часам у Беларусі фэстываляў ня зьменшыцца, ён заклікаў ствараць новыя якасныя фільмы, якія сам гатовы фінансаваць з пазабюджэтных сродкаў. Абяцаў, што будзе працягвацца будаўніцтва аб’ектаў культуры, у тым ліку Лукашэнка асабіста хацеў бы “зрабіць сабе помнікам новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі”.

Разам з тым з вуснаў А.Лукашэнкі не сыходзіла й тэма ягоных праціўнікаў, у тым ліку сярод дзеячоў мастацтва й культуры. Не называючы прозьвішчаў, ён абвінавачваў іх у перапісваньні гісторыі, непавазе да свайго народу, моўнай дыскрымінацыі ды іншых грахах.

А.Лукашэнка ізноў падкрэсьліў, што расейская мова не чужая й беларусам, што дзякуючы ягонай палітыцы была захаваная ад разбурэньня беларуская літаратурная мова, пачалося пашырэньне сфэры выкарыстаньня беларускай мовы.

На прэзыдэнцкія выбары, паводле словаў Лукашэнкі, з-за мяжы на карысьць ягоных апанэнтаў павінна паступіць ці то 70, ці то 108 мільёнаў даляраў.

(Лукашэнка: ) "Ну а выбары пройдуць так, як і належыць беларускай цывілізаванай дзяржаве, як і мусіць быць. Як хоча беларускі народ. А грошыкі іхныя будуць плакаць — пойдуць не туды, куды яны хочуць".

А расейкі культурны дзеяч Мікалай Губенка, які неяк прапаноўваў зрабіць Лукашэнку й Пуціну помнікі-бюсты за іхныя інтэграцыйныя дзеяньні, зазначыў, што ЗША ўвогуле не пашкадуюць і 6, і 8 мільярдаў даляраў, каб адхіліць А.Лукашэнку ад улады.

Што да беларускіх дзеячоў культуры, то амаль усе казалі пра свае галіновыя праблемы, не забываючыся й пра ўладу. Рэктар акадэміі музыкі Міхаіл Казінец запрасіў А.Лукашэнку на адмысловы канцэрт у ягоны гонар. Праўда, Лукашэнка адмовіўся ад гэтага гонару, прапанаваўшы зрабіць такі канцэрт, калі ён сыдзе з улады.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG