Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Больш за 1 500 чалавек павінна скараціць сёлета Гомельскае аддзяленьне Беларускай чыгункі. Першыя звольненыя з вагоннага й лякаматыўнага дэпо ўжо зарэгістраваліся ў гарадзкім цэнтры занятасьці насельніцтва.

Тэрмін “скарачэньне” ў аддзяленьні чыгункі імкнуцца не ўжываць. Вось як характарызуе распачаты працэс начальніца аддзелу кадраў чыгункі Галіна Разуваева:

(Разуваева: ) "Гэта дзеля прывядзеньня ў адпаведнасьць аб'ёму выкананай працы".

Паводле ейных словаў, кожнаму структурнаму падразьдзяленьню чыгункі даведзены ліміт пэрсаналу з такім разьлікам, каб да канца году з 13 000 чалавек колькасьць працуючых агулам была зьменшаная на 15–17%.

(Разуваева: ) "Гэта — вымушаны крок. У нас у аддзяленьні чыгункі за першы месяц, за студзень, аб'ёмы перавозак склалі ўсяго 70% адносна леташняга студзеня. Прадпрыемствы ня маюць чаго вазіць. Таму вельмі паменшалі прыбыткі, і мы папросту на водмелі", — тлумачыць начальніца кадравага аддзелу.

Каб скарачэньне было не такое балючае, у аддзяленьні чыгункі найперш будуць пазбаўляюцца тых, хто мае дастатковы працоўны стаж для адпраўкі на пэнсію. Таксама будуць глядзець, дзе ёсьць магчымасьць падвысіць інтэнсіўнасьць працы, замяніўшы двух чалавек адным.

Шэраг чыгуначнікаў перавядуць на падсобную вытворчасьць. Напрыклад, гомельскае вагоннае дэпо стала вырабляць труны — каб выжываць.

Каму ж не пашанцуе і ў падсобнай вытворчасьці, вымушаны будзе стаць на ўлік у цэнтры занятасьці насельніцтва. Паводле беларускага заканадаўства, беспрацоўны зараз можа атрымаць дапамогу ад дзяржавы 1 ці 2 мінімальных заробкі. Грашыма — гэта 3 600 ці, найбольш, 7 200 рублёў.

Казімер Яноўскі, Гомель

XS
SM
MD
LG