Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


(эфір 30 кастрычніка)
На мінулым тыдні на ініцыятыву канадыйскага боку адбылася сустрэча прэзыдэнта Рады БНР Івонкі Сурвілы са старшынём камісіі замежных справаў канадыйскага парлямэнту Білам Грэйхэмам і прадстаўнікамі міністэрства замежных справаў Канады. Гаворка ішла ў тым ліку і пра Марш Свабоды-3. Ля тэлефону ў Атаве спадарыня Івонка Сурвіла:

(Сурвіла: ) “Я, безумоўна, гаварыла спадару Грэйхэму аб маёй заклапочанасьці эканамічнай і палітычнай сытуацыяй у Беларусі і казала яму аб небясьпецы, якую ўяўляюць сабой для беларускага народу і беларускай дзяржавы намаганьні Лукашэнкі далучыць Беларусь да Расеі”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі добра канадыйскі бок арыентуецца ў цяперашніх праблемах Беларусі, у прыватнасьці ў выбарчай сытуацыі і заўтрашнім Маршы Свабоды?”

(Сурвіла: ) “Я паведаміла аб заўтрашнім Маршы Свабоды. Яны гэтага ня ведалі, але аб выбарах яны дакладна паінфармаваныя і ўважаюць, што ўсё тое, што робіць Лукашэнка на пасадзе прэзыдэнта Беларусі, ёсьць нелегітымным. Паўстала пытаньне аб выбарах, і яны ўважаюць, што гэтыя выбары ня могуць лічыцца легітымнымі”.

(Карэспандэнт: ) “Апошнім часам амэрыканскі бок актыўна заяўляе пра адсутнасьць дэмакратызацыі ў Беларусі і пра праблемы з правамі чалавека. Я маю на ўвазе і заяву Мадлен Олбрайт, і заяву прадстаўніцтва ЗША пры АБСЭ, і выступ амбасадара ЗША ў Беларусі Майкла Козака, калі, сярод іншага, ён заявіў, што праблемы з дэмакратыяй у Беларусі – гэта пэрсанальнае расчараваньне прэзыдэнта Біла Клінтана. Выглядае, што Беларусь – адзін з прыярытэтаў у замежнай палітыцы ЗША. Якая сытуацыя з Канадай?”

(Сурвіла: ) “Канада таксама вельмі чулая на ўсе пагвалчаньні правоў чалавека ў Беларусі. Аб гэтым ня раз гаварыў і міністар замежных справаў Канады. Ён казаў, што ён асабіста гэтым цікавіцца і стараецца асабіста… Вось, напрыклад, як выяжджаў з Канады былы амбасадар беларускі Хвастоў, дык гэтая заклапочанасьць канадыйска міністра была адной з рэчаў, сказаных Хвастову…І спадар Грэйхам выказаў сваё зацікаўленьне беларускім пытаньнем наагул і абяцаў, што будзе гаварыць з міністрам замежных справаў у справе магчымасьці правесьці супольную нараду ў справе Беларусі”.

Напярэдадні Маршу Свабоды спадарыня Івонка Сурвіла вырашыла зьвярнуцца да беларусаў:

(Сурвіла: ) “Хацела б скарыстаць з гэтай нагоды, каб ад імя свайго і ад імя Рады БНР заклікаць беларусаў, каб выйшлі тысячамі заўтра на вуліцы і ўзялі ўдзел у Маршы Свабоды. Гэтая падзея адыграе важную ролю ў змаганьні супраць дыктатарскага рэжыму ў Беларусі, а таксма ў адносінах да Беларусі вольнага дэмакратчынага сьвету”.

Гутарыла Вольга Караткевіч

XS
SM
MD
LG