Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Югаслаўская апазыцыя абвінавачвае рэжым прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча ў фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і заклікае сваіх прыхільнікаў пачаць кампанію грамадзянскага непадпарадкаваньня. Але ці здолее яна пераканаць Мілошавіча саступіць? З падрабязнасьцямі апошніх падзеяў у Югаславіі на падставе інфармацыі газэты New York Times – Мікола Іваноў.

Сэрбская апазыцыя лічыць, што ў краіне абраны новы прэзыдэнт – лідэр Сэрбскай Дэмакратычнай партыі – Ваіслаў Каштуніца. Але застаецца тэхнічная праблема: якім чынам змусіць цяперашняга прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча адмовіцца ад улады. Так камэнтуе апошнія падзеі ў Югаславіі амэрыканская газэта New York Times.

Зоран Джынджыч, кіраўнік прэзыдэнцкай перадвыбарчай кампаніі Каштуніцы і адзін з галоўных лідэраў апазыцыі, паведаміў, што апазыцыя плянуе заклікаць да байкоту заняткаў у школах і ўнівэрсытэтах, да закрыцьця тэатраў і кіно і да шырокамаштабнага нявыхаду на працу дзяржаўных служачых.

Ваіслаў Каштуніца адмаўляецца ўдзельнічаць у другім туры выбараў таму, што свой магчымы ўдзел ён разглядае ў якасьці прызнаньня сфальсыфікаваных выбараў сапраўднымі. Зарко Корач, лідэр адной з 18 партыяў антыўрадавай кааліцыі, пракамэнтаваў дылему, якая стаіць перад Каштуніцай наступным чынам: “Мы ведаем, што гэта вельмі рызыкоўная гульня. Але мы ведаем, што ў нас няма альтэрнатывы. Фальсыфікуючы вынікі падліку галасоў, Мілошавіч, бясспрэчна, робіць нам выклік. Ён вывеў нас на вуліцы, і мы павінны пагадзіцца з гэтым. Мілошавіч абвесьціў нам вайну. Мы пачынаем заўтра, і мы паглядзім, чым усё гэта скончыцца і як далёка нам трэба будзе ісьці.”

56-гадовага юрыста Ваіслава Каштуніцу, які, паводле інфармацыі апазыцыі, павінен стаць новым прэзыдэнтам Югаславіі, міжнародныя палітычныя аглядальнікі характарызуюць як памяркоўнага сэрбскага нацыяналіста.

“Для мяне нацыяналізм, – сцвярджае Каштуніца, – гэта нармальны стан духа, пачуцьцё зьяўляцца адным з тых, хто належыць да нацыі”.

Падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі ён на малым аўтобусе падарожнічаў па ўсёй Сэрбіі і выступаў з вострай крытыкай палітыкі Слабадана Мілошавіча з пазыцыяў памяркоўнага нацыяналізму. Каштуніца сьцьвярджае, што Мілошавіч здрадзіў спраўдныя інтарэсы сэрбскага народу.

Каштуніца – чалавек, які верыць у Бога. Ён даволі часта прыгадваў Бога падчас сваіх перадвыбарчых прамоваў. Ён паходзіць з буржуазнай сям’і з глыбокімі антыкамуністычнымі традыцыямі.

Каштуніца – былы прафэсар права Бялградзкага ўнівэрсытэту, якога камуністы звольнілі з працы за палітычныя погляды ў 1974 годзе. Пасьля ж краху югаслаўскага камунізму ў 1989 годзе ён не прыняў прапанову новых уладаў зноў заняць прафэсарскую кафэдру. Замест гэтага ён пачаў палітычную дзейнасьць.

Сваю перадвыбарчую прэзыдэнцкую кампанію Каштуніца праводзіў пад лёзунгам: “Можна быць сэрбскім патрыётам і адначасна выступаць супраць Слабадана Мілошавіча”.

Каштуніца выступае з вострай крытыкай Міжнароднага Гаагскага трыбуналу ў справе ваенных злачынстваў на тэрыторыі былой Югаславіі. Ён разглядае яго ў якасьці інструмэнта амэрыканскай замежнай палітыкі, а не міжнароднага права. Каштуніца асудзіў адмову трыбуналу насуперак пункту гледжаньня Арганізацыяў Amnesty International i Human Rights Watch разгледзець магчымыя злачынствы лідэраў краінаў НАТА падчас бамбаваньня цывільных аб’ектаў на тэрыторыі Югаславіі.

Каштуніца сьцьвярджае, што ён ніколі не перадасьць Гаагскаму трыбуналу Слабадана Мілошавіча і іншых кіраўнікоў Югаславіі, абвінавачаных у ваенных злачынствах. Ён, аднак, не ўдакладняе, ці падобнае ягонае стаўленьне распаўсюджваецца на Радавана Караджыча, Радко Младзіча і іншых басьнійскіх сэрбаў, абвінавачаных у злачынствах.

Падчас басьнійскай вайны 1992-95 гг. Каштуніца, як і бальшыня сэрбаў, падтрымліваў права басьнійскіх сэрбаў далучыцца да Югаславіі, а ня жыць пад кіраваньнем мусульмана-харвацкага ўраду.

Але нацыяналізм Каштуніцы мае даволі прагматычны характар. У справе Косава ён сьцьвярджае: “Тыя, хто думае, што сэрбскі народ як нацыя ня можа існаваць без Косава, памыляюцца. Косава – гэта як Ерузалім, адна з праблемаў, якія ня маюць рэальнага вырашэньня. Нават, калі амэрыканцы і мяркуюць, што кожную праблему можна вырашыць”.

Каштуніца – актыўны і пасьлядоўны прыхільнік законнасьці, незалежнасьці судовай сыстэмы, свабоды слова і сходаў, незалежнасьці заканадаўчай і выканаўчай уладаў. У гэтым можна пераканацца, аналізуючы ўвесь ягоны жыцьцёвы шлях.

На апошнім мітынгу пратэсту ў Бялградзе Ваіслаў Каштуніца заклікаў да праверкі пратаколаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах. Копіі пратаколаў, якія знаходзяцца ў руках апазыцыі, былі перададзеныя групе расейскіх назіральнікаў, якія прыехалі ў Бялград. Магчымасьць накіраваньня экспэртаў дзеля вырашэньня пытаньня пра вынік выбараў разглядае цяпер АБСЭ.

Мікола Іваноў, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG