Намаганьнямі Інстытуту Гётэ і амбасадаў Нямеччыны й
Францыі ў Менску, у Нацыянальным мастацкім музэі адчынілася фотавыстава
пад назовам “Ілюзія адлегласьцяў”. Сярод твораў фотамастакоў з заходняй
Эўропы й Беларусі, найбольшую цікавасьць наведвальнікаў выклікала праца
швэдзкага фатографа й грамадзкае дзяячкі Марыі Содэрбэрг з выявамі сваякоў
беларускіх палітвязьняў.
Першае, на што зьвярталі сёньня ўвагу наведвальнікі выставы “Ілюзія
адлегласьцяў”, якая адчынілася ў сёньня Нацыянальным мастацкім музэі, гэта
каляровыя фотаздымкі з выявамі сваякоў беларускіх палітзьняволеных. На
вялізных, выдрукаваных на тканіне фотаздымках, якія вывешаныя да агляду
проста ў холе Мастацкага музэю, сотні менчукоў маглі пабачыць жанок і дзяцей
Міхала Чыгіра, Андрэя Клімава, Валера Шчукіна, Мікалая Статкевіча.
Аўтарка экспазыцыі, якая называецца “Пікнік” — вядомы швэдзкі фатограф
і грамадзкая дзяячка Марыя Сёдэрбэрг ёсьць даўнім сябрам Беларусі. Дзякуючы
ейным намаганьням, пра Беларусь і беларускія праблемы зараз добра ведаюць
у Швэцыі. Дарэчы, спадарыня Сёдэрбэрг была сярод галоўных арганізатараў
беларускага стэнду на нядаўнім кніжным кірмашы ў Гётэборгу, у якім узялі
ўдзел шэраг вядомых швэдзкіх і беларускіх палітыкаў ды грамадзкіх дзяячоў.
У часе прэсавае канфэрэнцыі, спадарыня Сёдэрбэрг патлумачыла, што сваімі
здымкамі, яна мела на мэце паказаць гора й роспач дачок, жанок і мацярок,
якія страцілі зусім або чакаюць вызваленьня сваіх сыноў, бацькоў і каханых,
якія пацярпелі за змаганьньне на карысьць свабоды свайго краю. Сярод папярэдніх
працаў з сэрыі “Пікнік” — здымкі жанчынаў з Босьніі і Гэрцагавіны ды Расеі,
сваякі якіх пацярпелі ў часе войнаў ці палітычнага перасьледу.
У адкрыцьці выставы, сярод іншых, узялі ўдзел амбасадары Нямеччыны й
Францыі, а таксама непасрэдныя героі здымкаў Марыі Сёдэрбэрг — жонка Андрэя
Клімава зь дзецьмі, Валеры Шчукін ды іншыя.
Некаторыя з наведвальнікаў шчыра зьдзіўляліся, што ўлады дазволілі экспанаваць
у самым цэнтры Менску гэткія недвухсэнсовыя здымкі. Хутчэй за ўсё, арганізатары
выставы зь беларускага боку проста не зразумелі, што аб’ядноўвае ўсіх гэтых
жанчынаў, хлопчыкаў і дзяўчынак з фотаздымкаў Марыі Сёдэрбэрг.
Аляксей Дзікавіцкі, Менск
Самае папулярнае
1