Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Мытныя ворганы Беларусі рыхтуюцца да новаўводзінаў на расейскім кірунку. З 1 кастрычніка, як мы паведамлялі, Менск заплянаваў у гэтак званай “саюзнай дзяржаве” буйнамаштабную рэвізію мытных узаемадачыненьняў. Сёньня пра гэтыя зьмены распавядалася на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі Дзяржаўнага мытнага камітэту краіны.

Намесьнік старшыні Дзяржкамітэту Ўладзімер Гошын назваў пляны беларускага боку вымушаным крокам. Гэты крок, сказаў ён, зроблены ў адказ на дзеяньні расейскіх мытнікаў. Яшчэ ў сакавіку Масква загадала ім ажыцьцяўляць мытнае афармленьне тавараў зь Беларусі, якія накіроўваліся на ўсход з трэціх краінаў.

Менск, у сваю чаргу, распачаў, паводле словаў Гошына, вывучэньне расейскіх таварных плыняў. У выніку высьветлілася, што ад мытнага саюзу няма ўзаемнае карысьці — эканамічнага парытэту. Валютная вартасьць расейскіх таварных плыняў зь лютага па жнівень склала 263 мільёны даляраў. У той жа час у зваротным кірунку вартасьць беларускіх таварных плыняў была ўтрая меншаю.

На падставе гэтага, як паведаміў спадар Гошын, Менск зрабіў выснову, што для яго мытны саюз спрычыняе вялізныя бюджэтныя страты, якія ацэньваюцца ў 30 мільярдаў беларускіх рублёў.

Ці супадаюць згаданыя лічбы з падлікамі расейцаў? Наколькі маскоўскі аналіз мытных узаемадачыненьняў партнэраў розьніцца зь беларускім? На гэтыя пытаньні нашага радыё Ўладзімер Гошын адказаў наступным чынам:

“Мне, на жаль, пра гэтыя лічбы нічога не вядома. Я не магу камэнтаваць дзеяньні расейскага боку: на якой падставе яны прымалі тое ці іншае рашэньне. Расейцы не даводзілі гэта да ведама Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі. І мы таму ня маем эканамічных разьлікаў — чаму Расейская Фэдэрацыя ўвяла гэтыя меры. Мы зь імі не азнаёмлены”, — зазначыў намесьнік старшыні беларускае мытні.

Тым часам, расколіна ў мытным саюзе робіцца ўсё больш відавочнаю. Літаральна днямі Масква вырашыла са свайго боку яшчэ больш узмацніць мытны кантроль на беларуска-расейскім памежжы. Уладзімер Гошын паведаміў, што Дзяржаўны мытны камітэт Расеі распарадзіўся, каб афармленьне праходзілі ўжо ўсе тавары зь Беларусі — як вырабленыя ў трэціх краінах, гэтак і тавары ўласнае беларускае вытворчасьці. Апроч таго, зьявілася й такая істотная прыкмета ўзаемнага недаверу на гэтым памежжы — паводле інфармацыі Гошына, тут апошнім часам Расея пачала нарошчваць шэрагі сваіх мытнікаў.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG