Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Выйшаў чарговы нумар штотыднёвіка “Рабочы”.

На першай старонцы газэты добразычлівая ўсьмешлівая дзяўчына запрашае на Марш Свабоды-3, які мае адбыцца 1 кастрычніка. Галоўнае патрабаваньне яго ўдзельнікаў – правядзеньне ў Беларусі дэмакратычных парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Ініцыятары правядзеньня Марша Свабоды тлумачаць мэты гэтай акцыі. “Мы павінны пераламіць сытуацыю ў краіне, – кажа член Палітсавета Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова. – Людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку, складаюць усяго 13-14 адсоткаў ад усяго грамадзтва. Нам трэба зрабіць адзін крок наперад. Але ўсім разам”. І намесьнік старшыні БНФ “Адражэньне” Вячаслаў Сіўчык, і намесьнік старшыні БСДП “Народная Грамада” Аляксей Кароль, і намесьнік старшыні партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада Віктар Алампіеў – арганізатары Маршу Свабоды – спасылаюцца на вопыт Заходняй Эўропы, дзе шматліткія рэформы пачыналіся з вулічных акцыяў.

Другая старонка газэты “Рабочы” традыцыйна асьвятляе рух свабодных прафсаюзаў на Беларусі – у прыватнасці – зьезд прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, дае слова старшыні прафсаюза Генадзю Фядынічу. Сярэдняя заработная плата у галіне радыёэлектроннай прамысловасці складае менш за 60 даляраў. Якая будучыня чакае самую інтэлектуалаёмістую галіну нашай краіны, калі дзяржава даўно плюнула на свае “мазгі”? Камэнтар не патрэбны.

Аналітычная трэцяя старонка газэты “Рабочы” аддадзеная звышактуальнай тэме – парушэньням на Беларусі правоў вернікаў розных канфэсіяў. Колькасьць парафіяў цэркваў (праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай) за апошні час падвоілася і патроілася, але ці маюць беларусы свабоду выравызнаньня? На гэтае пытаньне вядомы беларускі палітоляг, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч адказвае: не, ня маюць. Ён падрабязна тлумачыць сваю пазыцыю. Людзі, якія змагаюцца сёньня за аўтаномію Беларускай праваслаўнай царквы, аказваюцца на пярэднім краі барацьбы за беларускую незалежнасьць.

Газэта выказвае рэзкі пратэст супраць рашэньня дэпутатаў Менскага гарадзкога савета змяніць старадаўні герб Менска і заклікае байкатаваць конкурс на лепшы праект герба і гімна беларускай сталіцы.

А вось журналіст Сьвятлана Шыдлоўская распавядае пра брыгаду ліцейшчыкаў, якая на Менскім заводзе ацяпляльнага абсталяваньня зрабіла звон “Анёл”. Гэты звон памяці ахвярам атамных катастрофаў днямі ўстаноўлены ў Менску ля Чырвонага касьцёла.

Сярод матэрыялаў газэты вылучаецца таксама артыкул Юрыя Глушакова пра беларускіх эсэраў – тэма, якая ў савецкія часы замоўчвалася. Між іншым, беларускія эсэры былі людзьмі сьмелымі, яны ўяўлялі сабой незалежную дэмакратычную плынь, адстойвалі беларускія інтарэсы са зброяй у руках.

Газэта працягвае камэнтаваць падзеі, якія адбываюцца вакол выбараў у дэпутаты “палаты прадстаўнікоў”, і дае слова тым, каго “зарэзалі” – адказалі ў рэгістрацыі. Гэта вядомы праваабаронца Гары Паганяйла і кіраўнік маладзечанскай гарадзкой арганізацыі БСДП Нэлі Шлойда.

Пятая старонка газэты “Рабочы” – тэматычная. Яна завецца “Цэх каханьня”, тут чытач знойдзе цікавую гутарку з сэксапатолягам, тэст “Любоў – гульня ці драма?”.

Завяршае саракавы сёлета выпуск газэты – традыцыйны беларускі каляндар, нататкі з Алімпіяды ў Сыднэі, з рэспубліканскай маладзёвай выставы “Новыя імёны”, гумар з “курылкі”.

Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

XS
SM
MD
LG