Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Пакуль усясьветная супольнасьць павольна адыходзіць ад паліўнага крызысу, беларускія ўлады працягваюць падвышаць кошты на паліва. Цягам толькі аднаго месяцу яны ўзьняліся да ўзроўню сярэднеэўрапейскіх. Самы папулярны, 92-гі бэнзын, упершыню за час існаваньня сувэрэннае Беларусі дасягнуў адзнакі поўдаляры за літар.

Пяты раз цягам верасьня аўтааматары вымушаныя лаяцца, набліжаючыся да аўтазалівачных станцыяў. Паліўны асартымэнт зноў прапаноўваецца ў новых коштах. Але, у адрозьненьне ад замежных калегаў, вялізная армія кіроўцаў па-ранейшым моўчкі праглынула чарговы падарунак уладаў.

У аўтамабільнай службе “Спас 001” паведамілі, што валютны эквівалент кошту паліва зараз складае наступныя лічбы. А-92 –

(Голас: ) “47 цэнтаў на “Лукойле” на А-100, 48 на “Славнефть”, А-95 –54 на “Славнефть” і “Лукойле”.

Парадокс, але практычна ніхто з апытаных мною ўладных чыноўнікаў ня здолеў дакладна адказаць, хто і як фармуе цэнавую палітыку на паліва.

У той час, як усясьветныя агэнцыі паведамляюць пра станоўчыя вынікі ў вырашэньні паліўнага крызысу, і нават вяртаньні коштаў да ранейшых паказьнікаў, зацікаўленыя беларускія службы з-за інэрцыі (?) працягваюць падвышаць кошты на паліва. Пачынаючы з 30 цэнтаў за літар самага папулярнага бэнзыну А-92 за год зь невялікім кошт вырас больш як у паўтары разы.

На фоне глябальнага падаражаньня ўсё ж варта задацца пытаньнем: чаму падобнае адбываецца ў Беларусі, але не ў Расеі, на якую цалкам арыентуецца беларускае кіраўніцтва? На тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць два нафтаперапрацоўныя заводы ў Наваполацку й Мазыры, якія прывязаныя да расейскае нафтавае трубы і таму працуюць на два рынкі. Але атрымліваецца, што для спажыўцоў у Расеі і Беларусі вынік адной і той жа працэдуры нафтаперапрацоўкі мае розныя кошты.

Разважае прэзыдэнт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” эканаміст Леанід Заіка.

(Заіка: ) “Тое, што адбылося з коштамі на ўсясьветным рынку паказала: беларуская эканамічная палітыка на інтэграцыю з Расеяй дала асечку. У Расеі кошты на нафту фармуюцца, зыходзячы з унутраных патрэбаў. Што б ні адбылося з усясьветнымі коштамі, Расея можа трымаць свае. Беларусь знаходзіцца ў мытным саюзе, і расейскія ўнутраныя кошты паводле лёгікі мусяць распаўсюджвацца й на Беларусь. У Калінінградзе, які яшчэ далей ад Цюмені, чым Менск, літар 92-га — 26-28 цэнтаў. У нас — 50. Адпаведна, мы вымушаныя пераплочваць, і гэта цалкам пераносіцца на жыхароў, на асноўных спажыўцоў.

Уявіць адкат да старых коштаў цяжка. Ён магчымы толькі пры вельмі настойлівых дзеяньнях беларускага ўраду, калі той захоча абараняць нашыя эканамічныя інтарэсы”, — лічыць эканаміст Леанід Заіка.

Таксама ён мяркуе, што прынамсі да прэзыдэнцкіх выбараў, калі будзе неабходнасьць у папулісцкіх кроках, сытуацыя застанецца без аніякіх зьменаў.

Ігар Карней, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG