Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Учора ўвечары падкантрольная ўраду Фэдэральная Выбарчая Камісія Югаславіі абвесьціла, што прэзыдэнт Слабадан Мілошавіч мае менш галасоў, чым прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду, прадстаўнік аб’яднанай апазыцыі Ваіслаў Каштуніца. У той самы час Выбарчая Камісія не прызнала канчатковай перамогі Каштуніцы. Так пачынаецца артыкул у сёньняшнім нумары газэты New York Times, прысьвечаны выбарчай сытуацыі ў Югаславіі…

Выбарчая Камісія, працягвае далей New York Times, заявіла, што кандыдат ад апазыцыі не набраў патрэбных 50% галасоў, і таму патрэбны другі тур выбараў, які мусіць адбыцца 8 кастрычніка. Лідэры апазыцыі адразу назвалі вынікі галасаваньня махлярствам і заявілі, што ня пойдуць на другі тур, бо, паводле іхных падлікаў, а апазыцыя мела сваю сыстэму кантролю выбараў, Ваіслаў Каштуніца набраў амаль 55% галасоў.

“Няма ніякіх падставаў, ні маральных, ні палітычных, каб так спляжыць выбар, які зрабілі жыхары краіны, – сказаў Каштуніца. – Перамога відавочная, і мы абаронім яе ўсімі даступнымі сродкамі. Людзі не падтрымалі Мілошавіча і ягоную палітыку, і наш найпершы абавязак паважаць іхны выбар”.

У той самы час Каштуніца паабяцаў пазьбягаць “крокаў, якія маглі б падняць напружаныя стасункі ў грамадзтве, што магло б прывесьці да непрадказальных наступстваў”.

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Біл Клінтан пахваліў выбаршчыкаў і прапанаваў зьняць экамічныя санкцыі зь Югаславіі, калі дэмакратычныя зьмены пераважаць якія заўгодна намаганьні Мілошавіча “зачапіцца за ўладу”.

Тым часам прадстаўнік аб’яднанай апазыці Міраслаў Хрыстодула, перад учорашнім абвешчаньнем другога раўнду, сказаў, што калі перамога Каштуніцы ня будзе прызнаная канчатковай, ад заўтра пачнуцца дэманстрацыі пратэсту – паведамляе лёнданская Guardian. На пытаньне газэты пра далейшы лёс абвінавачаных міжнародным трыбуналам у Гаазе ў ваенных злачынствах сэрбаў, Міраслаў Хрыстодула сказаў, што Каштуніца не кіруецца пачуцьцём помсты, але пры захаваньні юрыдычных падставаў і наяўнасьці патрэбных доказаў, закон мусіць быць выкананы.

Другі тур галасаваньня, паводле газэты Washington Post, дае Мілошавічу амаль два тыдні на новую кампанію і час на падрыхтоўку новых спосабаў уплыву на працэс галасаваньня. Апрача гэтага, адзначае газэта, ён зможа мабілізаваць сілы бясьпекі каб процістаяць хваляваньням грамадзкасьці.

Пануры настрой панаваў сёньня сярод жыхароў сэрбскага анкляву Грачаніца ў падкантрольным НАТА альбанскім анкляве Косава. Тут Мілошавіч быў надзвычай папулярны. Газэта цытуе тамтэйшага фармацэўта і сябра ўладнай Сацыялістычнай партыі, 55-гадовага Слабадана Іліка, які цяпер кіруе праўрадавым Сэрбскім Нацыянальным Сходам грачаніцкага муніцыпалітэту. “Я быў пэўны, што Мілошавіч пераможа, – сказаў Ілік, – але, у той самы час, я думаў і пра жыцьцё без яго. Гэта неверагодная тэма для любой афіцыйнай асобы. І ўсё ж вынікі выбараў ня будуць мець шмат наступстваў для мяне пэрсанальна. Адзінае, чаго я баюся, гэта таго, што цяпер сэрбы пакінуць Косава”, – цытуе сэрба Washington Post”.

Тым часам сусьветныя інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць, што сёньня выбарчы штаб апазыцыі накіруе ў Цэнтарвыбаркам копіі выбарчай дакумэнтацыі, якія не пакідаюць сумненьняў у перамозе Каштуніцы. Паводле кіраўніка гэтага штабу Чадаміра Яванавіча, Выбарчая Камісія падлічыла на сёньня толькі 67% галасоў, і канчатковыя вынікі пакажуць перамогу апазыцыі. Сам Каштуніца сёньня мае намер выступіць на мітынгу перад будынкам Скупшчыны (гэта значыць – парлямэнту) Югаславіі.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

XS
SM
MD
LG