Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прадстаўнікі менскіх ўладаў і апазыцыі заяўляюць пра тое, што яны пагадзіліся на кампраміс адносна ўмоваў і фармату правядзеньня “Маршу Свабоды – 3”, які пройдзе 1 кастрычніка ў Менску. Хаця ў аргкамітэту “Маршу Свабоды” засталіся прэтэнзіі да ўлады.

“Мы праяўляем добрую волю і, кіруючыся адказнасьцю за нашых людзей і за парадак на менскіх вуліцах, пагаджаемся сабрацца 1 кастрычніка а 12-й гадзіне ля Акадэміі навук і рушыць маршам па вуліцы Сурганава”, — такую пастанову прыняў аргкамітэт “Маршу Свабоды – 3” на сваім паседжаньні, прысьвечаным адказу зь Менскага гарадзкога выканкаму. Пры гэтым сябры аргкамітэту прызналі “парушэньнем канстытуцыйных правоў грамадзянаў” адмову ў прадстаўленьні для дэманстрацыі праспэкту Скарыны й пляцу Незалежнасьці. Спасылкі гарадзкога выканкаму на тое, што пляц Бангалор адмыслова адведзены для мітынгаў, прызнаныя неабгрунтаванымі, паколькі “праўрадавыя арганізацыі бесьперашкодна ладзяць свае акцыі ў цэнтры сталіцы”.

Сябры аргкамітэту “Маршу Свабоды” выказалі абурэньне патрабаваньнямі аплаты працы міліцыі пад час шэсьця й незаконнымі дамаганьнямі ўладаў забараніць выказваць адмоўнае стаўленьне да выбарчага фарсу.

Гаворыць сябра аргкамітэту “Маршу Свабоды – 3” Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “Мы, вядома, абражаныя, бо нам не даюць плошчы Незалежнасьці, увесь час скарачаюць маршрут. Але ж мы ўсё роўна прыйдзем. Нас дзясяткі тысяч, і кожны раз гэтых людзей усё болей і болей. Гэта сьведчыць аб тым, што людзі ня могуць болей цярпець, яны гатовыя пераламіць сытуацыю”.

Паведаміла Людміла Гразнова.

Намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканкаму Міхал Пятрушын зазначыў РС, што ўлада й так пайшла на “нармальны кампраміс”, не зьмяніўшы месца збору ўдзельнікаў і фармат заяўленай акцыі.

Гаворыць Міхал Пятрушын:

(Пятрушын: ) “Мы ж ня проста далі Бангалёр, які ўсе ненавідзяць, – абаротнае месца, добрае. Мы не зьмянілі месца збору, дазволілі прайсьці па Сурганава. Там кілямэтры тры. Яны выцягнуцца, накрычацца, прадэманструюць усё, што хацелі прадэманстраваць. А потым прыйдуць на месца, разьмесьцяцца, нагаворацца. Ну што больш трэба. Тое, што заяўнікі прасілі пляц Незалежнасьці? Ну зразумела, што яго ня будзе. Што прасілі па праспэкце прайсьці? Ну ня будзе, яны ясна разумелі. Ня трэба бравіраваць”.

Гэта быў намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканкаму Міхал Пятрушын.

Ён таксама сказаў, што пляцоўка для мітынгу ў парку “Дружбы народаў” будзе радыёфікавана, а міліцыя забясьпечыць парадак пад час правядзеньня акцыі.

Людміла Гразнова паведаміла, што на “Маршы Свабоды – 3” будзе шмат замежных гасьцей:

(Гразнова: ) “Мы чакаем прыезду польскіх, чэскіх і балтыйскіх палітыкаў і праваабаронцаў. Кожнага разу яны нас падтрымліваюць, яны нашыя суседзі, яны ўжо ўсё гэта перажылі, яны нам спачуваюць, і таму яны нам дапамагаюць”.

Людміла Гразнова мяркуе, што гэтым разам “Марш Свабоды” ў Менску будзе натхнёны посьпехам югаслаўскай апазыцыі, якая здолела здабыць важную перамогу на нядаўніх выбарах.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG