Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Замежныя тэхнічныя экспэрты, што прыехалі ў Менск з нагоды правядзеньня выбараў у “палату прадстаўнікоў”, сёньня пачалі знаёміцца з рэгіёнамі. Першым на захад Беларусі накіраваўся экспэрт Браян Бонар.

Сёньня ўраніцу ў Берасьце выехаў экспэрт Браян Бонар. 28 верасьня ён будзе знаходзіцца ў Горадні. І гэта невыпадкова, бо ў межах місіі тэхнічных экспэртаў Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека спадар Бонар курыруе тры вобласьці — Берасьцейскую, Гарадзенскую і Менскую. А на ўсход Беларусі зьбіраецца іншы супрацоўнік групы — Тарас Пастушэнка. Зона ягонай асабістае ўвагі — Віцебская, Гомельская і Магілеўская вобласьці.

Важна падкрэсьліць, што тэхнічныя экспэрты будуць усюды езьдзіць самастойна, без суправаджэньня. Менавіта на гэта зьвярнула ўвагу кіраўнік групы Элізабэт Расмусан у часе сустрэчы з прадстаўнікамі Цэнтральнае каардынацыйнае рады дзеля назіраньня за выбарамі, якая аб’ядноўвае ўнутраных беларускіх назіральнікаў. Яна казала пра тое, што місія хоча быць самастойнай і незалежнай як ад уладаў, гэтак і ад апазыцыі, паколькі мандат тэхнічных экспэртаў пакідае за імі толькі адное — абсалютную нэўтральнасьць.

Працягвае сваю справу і экспэрт у галіне мас-мэдыяў Джавана Маёла. Ёй дапамагаюць тры асыстэнты. Прычым вядзецца не толькі арыфмэтычны падлік часу, які аддаецца выбарчай тэматыцы на Беларускай дзяржаўнай тэлевізіі або на старонках беларускіх газэтаў, але й аналізуецца якасьць такіх выступаў. Для аналізу ўзятая роўная колькасьць як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных выданьняў, сярод якіх, напрыклад, ёсьць “Народная воля”, “Советская Белоруссия” ды іншыя.

Цікава, што адсочваюцца і інфармацыйныя праграмы расейскага каналу ОРТ. Гэта выклікана тым, што ён мае высокі рэйтынг у беларускіх тэлегледачоў.

Сёньня тэхнічныя экспэрты атрымалі скаргу Цэнтральнае каардынацыйнае рады назіраньня за выбарамі. Рада зьвяртае ўвагу на тое, што Цэнтравыбаркам сваёй пастановаю адвольна трактуе Выбарчы кодэкс. У прыватнасьці, назіральнікаў падзялілі на дзьве групы. Першая (у якую ўваходзяць давераныя асобы кандыдатаў, дэпутаты, якія дзейнічаюць зараз на тэрыторыі выбарчай акругі, і журналісты) можа назіраць за хадою выбараў без папярэдняе рэгістрацыі. А вось назіральнікі ад палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў і вылучаныя непасрэдна выбаршчыкамі, павінныя за дзень да пачатку сваёй працы зарэгістравацца ў выбарчых камісіях.

І яшчэ адна, на думку Рады, адвольная трактоўка Выбарчага закону. У ім запісана, што ў якасьці назіральнікаў ад палітычных партыяў або грамадзкіх аб’яднаньняў выступаюць іхныя прадстаўнікі. Цэнтравыбаркам лічыць, што прадстаўнікі — гэта абавязкова сябры тае ці іншае партыі, таго ці іншага аб’яднанья. А вось Цэнтральная каардынацыйная рада дзеля назіраньня за выбарамі мае іншы погляд: калі нейкая партыя або нейкае аб’яднаньне давяраюць той ці іншай асобе, яны маюць права надаць ёй паўнамоцтвы грамадзкага назіральніка.

Дарэчы, як паведаміў нашаму радыё намесьнік старшыні Рады Ўладзімер Гудзееў, адпаведны запыт у гэтых двух пытаньнях будзе накіраваны ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG